«Мінскі дзённік» Юлі Цімафеевай, напісаны па слядах беларускіх пратэстаў, выйдзе ў брытанскім выдавецтве «Скарына»

Главное
Фрагмент вокладкі кнігі Юлі Цімафеевай. Фота: skarynapress.com.

Беларускамоўны варыянт «Мінскага дзённіка» паэткі і пісьменніцы Юлі Цімафеевай ужо 1 верасня будзе даступны на сайце брытанскага выдавецтва «Скарына». Спачатку з’явіцца электронная версія кнігі пра беларускія пратэсты, а потым — папяровая, паведаміла пісьменніца ў сваіх сацсетках.

«Мінскі дзённік», які фіксуе падзеі і эмоцыі жніўня і далейшых напружаных, страшных пратэсных месяцаў 2020 года, была напісана Юляй Цімафеевай у 2020-2021 гадах.

«Ад пачатку [«Дзённік… «] ствараўся па-ангельску і для замежнай аўдыторыі, — адзначае пісьменніца. — Чужая мова дала мне магчымасць стварыць неабходную эмацыйную дыстанцыю, каб зафіксаваць важнае, страшнае, балючае і пакуль няспраўджанае, і, безумоўна, зрабіла прасцейшым яго пераклад на іншыя мовы».

"Мінскі дзённік" Юлі Цімафеевай, напісаны па слядах беларускіх пратэстаў, выйдзе ў брытанскім выдавецтве "Скарына"
Вокладка кнігі цалкам. Фота: skarynapress.com.

Потым з’явіліся пераклады кнігі на шведскую, нямецкую, нідэрландскую і літоўскую мовы, у скарочаным выглядзе «Мінскі дзённік» выйшаў па-ангельску і па-нарвежску.

Адмыслова для Reform.by Юля Цімафеева пераклала ўрыўкі са свайго твора на беларускую мову на пачатку 2023 года.

Цалкам беларускі пераклад “Мінскага дзённіка” быў скончаны пісьменніцай у швейцарскім Цугу, больш чым праз два гады пасля яго напісання.

Сёння, напярэдадні выхаду кнігі на беларускую мову,  мы нагадваем пра гэты пранізлівы тэкст, які чытаць па-ранейшаму балюча і па-ранейшаму важна.

Юля Цімафеева – беларуская паэтка, літаратарка, перакладчыца. Аўтарка беларускамоўных паэтычных зборнікаў «Кніга памылак», «Цырк», «ROT», «Воўчыя ягады»; першая англамоўная кніга Юлі Цімафеевай «Motherfield» («Мацярынскае поле»), выдадзеная ў ЗША, трапіла ў лонг-ліст сёлетняй літаратурнай прэміі PEN America (перакладчыкі Вальжына Морт і Ханіф Абдуракіб).

Аўтарка паэтычнай фотакнігі «Мінск. Горад, якога мне стае». «Мінскі дзённік», апублікаваны на розных мовах у Швецыі, Нідэрландах, Германіі і іншых краінах, расказвае пра беларускія пратэсты 2020 года ад першай асобы. Гэта «дакумент эпохі», у літаратурнай прасторы якога знаходзіцца месца і фіксацыі падзей, і глыбокай рэфлексіі паўсядзённасці Гісторыі.

Замовіць «Мінскі дзённік», які, нагадваем, праілюстраваны фатаграфіямі аўтаркі, можна тут.

Чытаць урыўкі з кнігі на Reform.by тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: