«Нябачны квартал» — такую назву мае праект мастака Глеба Бурнашава, у якім перакрыжоўваюцца ўспаміны і рэальнасць. Якая вуліца ў Варшаве вам нагадвае Мінск? Якую рэч вы прывезлі з сабой, што нагадвае вам пра дом? Героі праекта — маладыя беларускія эмігранты распавядаюць пра свой досвед эміграцыі і называюць тыя месцы ў Варшаве, якія ім нагадваюць родны горад.
«Праект «Нябачны квартал» даследуе перакрыжаванне рэальнасці і ўспамінаў, увасабляючы гарадскі ландшафт Варшавы праз прызму памяці беларускіх эмігрантаў, — распавядае пра сваю новую працу Глеб Бурнашаў, малады мастак, вядомы па нашумелым праекце «Рытуал віны і ганьбы Рэспублікі». — Тыпалогія ілюструе герояў праекта, выкарыстоўваючы фатаграфіі ў згенераваных гарадскіх пейзажах. «Лімб» праяўляецца, калі памяць напластоўваецца на рэальны пейзаж, падтрымліваючы псіхалагічнае здароўе і ідэнтычнасць у новым асяродку. Важна разумець, што адаптацыя – гэта не толькі цяжкасці, але і стварэнне новага свету і ідэнтычнасці».
«Я пераехала з Мінска (Беларусь) у Варшаву ў канцы 2020 года, — дзеліцца сваёй гісторыяй адна з гераінь праекта Маша. — Прычынай сталі падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе, беззаконне, страх. Калі я пераехала, мне было страшна з-за нявызначанасці. Але ў той жа час я адчула палёгку, быццам увайшла ў лодку з мора, поўнага акул. Самае цяжкае ў эміграцыі — гэта ўсё жыццё спакаваць у чамадан. Патлумачыць сваё рашэнне бацькам. Прымаючы думку, што доўга не вярнуся. Хаця на той момант мне здавалася, што я вярнуся дадому ў бліжэйшай будучыні. Цяпер мне балюча прызнаваць, што гэтага можа ніколі не здарыцца».
Маша прызнаецца, што яна бачыць Мінск у Варшаве на вуліцы Пулаўскай.
«Я падумала, што іду з вуліцы Багдановіча ў бок Зялёнага Лугу, — дзеліцца дзяўчына сваімі асацыяцыямі. — А недзе пад Воляй ёсць нешта падобнае да «Розачки» ў Мінску. Столькі ж пажылых людзей з торбамі на колах. […] Мабыць, памяць спрабуе скласці новы свет пазлаў і ставіць іх туды, дзе ёсць нешта падобнае».
А вось гісторыя Ігара:
«Я пераехаў у Варшаву ў 2021 годзе пасля доўгага перыяду жыцця «нідзе і ўсюды». Мая прычына эміграцыі — няўпэўненасць у знаходжанні дома. Падчас пераезду я адчуваў страх, трывогу, цікаўнасць і гнеў. Цяжэй за ўсё мне было зразумець і прыняць немагчымасць вярнуцца дадому, нават у госці. Прымаючы тое, што я тут надоўга».
У Варшаве кавярня Żona Krawca на Камёнкаўскай, 29 нагадае Ігару па атмасферы кавярню «Зерно».
«Таксама каля майго дома ў Варшаве ёсць скрыжаванне, якое вяртае мяне ў гомельскае дзяцінства, — прызнаецца хлопец. — У маім раёне была крама, і мяне чамусьці туды заводзіць скрыжаванне на Кінавой», — дзеліцца сваімі ўспамінамі Ігар.
Для героя Сашы варшаўскае «мора» асацыюецца з менскім «морам».
Для Андрэя «мостам» да Мінска служаць варшаўскія масты.
У Караліны шмат выпадковых асацыяцый выклікае парк Бродно ці архітэктурны комлекс на Плошчы Збавіцеля…
Мастак Глеб Бурнашаў так кажа пра свае праекты:
«Я выступаю як рэакцыйны мастак, які пражывае падзеі і ўвасабляе рэакцыю на іх. Я вывучаю палітычныя і грамадзянскія крызісы, узаемадзеянне дзяржавы і простых людзей, механізмы рэпрэсій і міграцыйныя працэсы, як лакальныя, так і глабальныя. Улічваючы іміграцыйную гісторыю маёй сям’і ў некалькіх пакаленнях, я зараз засяроджваюся на даследаванні памяці і яе скажэнняў».
Глеб Бурнашаў сам перажыў двайную эміграцыю. У сувязі з грамадзянскай вайной у Таджыкістане яго сям’я эмігравала ў Слонім у Беларусь. У 2020 годзе па палітычных прычынах Глеб пераехаў у Варшаву. Зараз ён жыве тут.
Пазнаёміцца з праектам «Нябачны квартал», які быў падтрыманы мэрыяй Варшавы, можна тут.