Фестываль «Кінастагоддзе» распачнецца 28 лютага, паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Ірына Дрыга.
Яго мэта — нагадаць пра кінастужкі, якія складаюць славу нацыянальнага кінематографа.
Гледачы змогуць убачыць больш за 30 фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама прэм’еры айчынных стужак.
Паказы будуць праходзіць не толькі ў сталіцы, але і ў абласных гарадах і райцэнтрах.
Фільмы кінафестывалю будуць дэманстравацца па серадах, перад іх паказамі будуць арганізаваны выступленні кіназнаўцаў і кінакрытыкаў, супрацоўнікаў кінатэатраў.
Фестываль будзе ісці цягам года — да 11 снежня 2024 года.
Распачнецца фестываль паказам фільма «Лясная быль» 28 лютага ў Мінску і абласных цэнтрах. За апошнія 20 гадоў гэта будзе першы кінатэатральны паказ адрэстаўраванага фільма. Гэты фільм нямы, у Мінску ён будзе праходзіць у суправаджэнні тапера, як гэта было ў 1920-я. У рэгіёнах — з накладзенай музыкай.
А завершыцца фестываль фільмам «На другім беразе», 2023 года, які ні да класікі, ні да поспеху нацыянальнага кіно ніяк не залічыш. Як і падобная ідэалагічная прадукцыя: «Кіношнікі», «Ліст чакання», «Лёс дыверсанта». У той жа час асобныя стужкі, што ўваходзяць у залаты фонд беларускага кіно, у спісе паказаў адсутнічаюць. Няма там ні «Ваўкоў» Аляксандра Колбышава, знятага на «Беларусьфільме» ў 2009 годзе, ні «Масакры» Андрэя Кудзіненкі, знятай на той жа кінастудыі ў 2010 годзе. Відавочна, тэмы не прайшлі ідэалагічнай праверкі.
Датай нараджэння беларускага кіно лічыцца 17 снежня 1924 года. Менавіта ў гэты дзень Савет народных Камісараў выдаў пастанову «Аб кінавытворчасці ў БССР» — было створана дзяржкіраванне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі «Белдзяржкіно».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram