Мастачка Марыя Алена Банэт і гурт Fantastic Swimmers прэзентавалі супольны аўдыякалаж

Беларуска-польскі гурт Fantastic Swimmers падрыхтаваў новую студыйную працу: тэксты беларускай мастачкі Марыі Алены Банэт ў аўтарскім чытанні былі пакладзеныя на гранне акустычнага квінтэту.

Свой голас, гарадскія ды прыродныя шумы Марыя зафіксавала ў Гданьску, дзе цяпер жыве.

Запіс музыкі адбыўся ў Варшаве.

Канчатковы мікс атрыманага гукавога палатна ладзіўся ў Беластоку, дзе на дадзены момант знаходзіцца лідар гурта Віктар Сямашка.

Тэкст, пакладзены ў аснову альбома, сфармаваўся ў Марыі Банэт з нататак у дзённіку, якія яна пакідала цягам свайго знаходжання ў Гданьску. «Падчас адное спантаннае паездкі да начнога мора на ровары, — расказвае мастачка, — мае думкі з урыўкавых уражанняў ператварылася ў асэнсаваны досвед. Працуючы адначасова над візуальным праектам «Заручыны з морам», гэтыя словы адлюстравалі мой унутраны напрамак апошніх гадоў».

У запісе альбома, які называецца «Zaručyny», паўдзельнічалі варшаўскія імправізатары Пётр Мэлах (бас-кларнэт), Мартына Ліліяна Кабульская (скрыпка, вакал), Пётр Дамброўскі (перкусія) і Ян Малкоўскі (альтовы саксафон). У арганізацыі музыкі Віктар Сямашка ўжыў адвольную і рэгуляваную імправізацыю з выкарыстаннем графічных партытур, а сам сыграў на флейце.

«Альбом уключае не толькі рысы беларускага, польскага, часткова літвацкага меласу, але і атмасферную спецыфіку Гданьска, дзе я таксама бываў, увогуле Балтыкі, Паўночнай Еўропы… Інструментальныя партыі, словы ды шумы спалучыліся накшталт пазлаў. Прытым музыка выконвае не столькі функцыю прамое ілюстрацыі да тэксту Марыі, колькі з`яўляецца рэакцыяй на пачутае, дае разгорнуты каментар на тэму альбо працягвае думку далей. Зрэшты, гэтак жа і словы па-свойму расшыфроўваюць музыку, дадаючы ёй іншае вымярэнне», – дзеліцца ўражаннямі Віктар Сямашка.

Пачытаць тэксты і бясплатна спампаваць можна тут.

Аўдыярэліз анансуе новую выставу Марыі Алены Банэт «Заручыны з морам», адкрыццё якой адбудзецца ў Кракаве ў межах фестывалю «Культура ў эміграцыі» («Kultura na uchodźstwie»): 3 чэрвеня, 16-00, Willa Decjusza.

Гэта праект аўтаркі з’яўляецца працягам і паглыбленнем тэмы аднаўлення свабоды, распачатай ёй у папярэдняй серыі «Мая рака».

Пра праект «Мая рака» Марыя расказвае тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!