Прыток расійскіх турыстаў, цікавасць беларусаў да гісторыі свайго краю, пытанне самаідэнтыфікацыі, запуск новых культурных аб’ектаў… І пры гэтым рэпрэсіі экскурсаводаў, культурных работнікаў, цэнзура, афіцыйна прапапісаная ў новай пастанове — калі пазначыць тэндэнцыі летняга сезону 2023, то на прыкладзе сферы турызму можна ўбачыць, якія змены адбываюцца ў беларускім грамадстве і краіне за апошні час.
Разам з Reform.by падвесці вынікі перыяду адпачынкаў і шырэй — турыстычнага года — пагадзілася Таццяна К. (імя зменена) — экскурсавод з вялікім стажам, якая мае досвед арганізацыі як групавых тураў, так і індывідуальных ваяжаў па ўсёй Беларусі. З Таццянай мы пагутарылі пра тое, хто сёння з замежных турыстаў вандруе па Беларусі? Як змяніўся попыт беларусаў? Як падзеі 2020 года паўплывалі на грамадства і цікавасць да гісторыі? Як гэта — увогуле — быць экскурсаводам у краіне, якая перапісвае сваю гісторыю?
«Цяпер практычна 90% вандроўнікаў — гэта расіяне і беларусы»
— Таццяна, што сёння адбываецца на турыстычным рынку ў Беларусі? Якія змены здарыліся за апошняе лета, гады?
— Змянілася структура попыту. Вельмі шмат стала расійскіх турыстаў. Калі ў 2018-2019 гадах у Беларусь прыязджала шмат палякаў, літоўцаў — у нас жа «бязвіз», увогуле, было шмат турыстаў з розных краін, то цяпер практычна 90% вандроўнікаў — гэта расіяне і беларусы. У мяне 80% замоваў ад расійскіх турыстаў.
— Што ў расійскіх турыстаў карыстаецца попытам? Як яны ставяцца да Беларусі, да нашай гісторыі?
— Усе — у захапленні. Мне падаецца, што асноўныя кірункі, якія цікавяць расіян — гэта Мінск, Гродна, Брэст, Полацк, Віцебск, плюс санаторны адпачынак. Усім тут падабаецца. Прыветліва, чысценька, роўненька і ўсё такое. Плюс тут для расіян нядорага. Асабліва зараз, калі расійскі рубль «падсеў».
Гродна і Брэст — гэта для нашых усходніх суседзяў еўрапейскія кірункі. Амаль кожны другі кажа, што паколькі Еўропа закрыта, прыехалі да вас.
— А ў беларусаў назіраецца цікавасць да сваёй краіны?
— Безумоўна! Яна вырасла апошнім часам у разы. Натуральна, што не ўсе могуць атрымаць візы, каб паехаць за мяжу, і гэта трэба ўлічваць, але людзі сталі ездзіць па краіне больш. Падарожнічаюць сем’ямі — з дзецьмі, падлеткамі, меней стала групавых заявак, людзі заказваюць індывідуальныя туры. І распытваюць, цікавяцца, задаюць пытанні. Мне падаецца, што цяпер склалася такая сітуацыя ў грамадстве, што людзям і няма каму задаць тыя пытанні — пра гісторыю, этнагенез, этнічныя моманты, увогуле складаныя моманты ў гісторыі. І яны адрасуюць іх экскурсаводам. А каму яшчэ? Няма публічных пляцовак для агучвання гэтых тэм, а людзі намагаюцца для сябе іх высветліць.
«Мы хочам ведаць прычыны таго, што зараз адбываецца»
— Таццяна, вельмі цікава. І што людзі ў цябе пытаюцца?
— У беларусаў, скажам, распаўсюджана такое пытанне: калі беларусы з’явіліся як нацыя? Ці чаму Вялікае Княства Літоўскае лічыцца нашым — яно ж літоўскае? Натуральна, гэта пытанні ад «простага» турыста, але яны маюць месца быць.
Яшчэ такая рэч, што з’явілася шмат вандроўнікаў, якія ездзяць на самоце, не чакаюць кампаніі. І яны гатовыя плаціць, каб ім зладзілі індывідуальны тур. Вось такія турысты намагаюцца разабрацца ў гістарычных падзеях — тут пытанні ўжо не такія агульныя. Скажам, я расказваю пра другі падзел Рэчы Паспалітай. Яны пытаюцца: «Вось Расія і Прусія дзеляць Рэч Паспалітую. А дзе ў гэты час знаходзіцца армія Рэчы Паспалітай? Што ў гэты час робіць парламент? Чаму яны не абараняюць сваю радзіму?». Гэта ўжо цікавасць іншага кшталту.
— То-бок людзі намагаюцца разабрацца ў гісторыі і сабе, так?
— Абсалютна. У мінулым, сучаснасці. Бо ўсё, як мы ведаем, звязана. Некаторыя так і кажуць: «Мы хочам ведаць прычыны таго, што зараз адбываецца». Людзі ездзяць у вандроўкі, каб разабрацца ў тым, хто яны ёсць.
— Што пытаюць расійскія турысты?
— Расіяне, якія былі ў маіх групах, цікавяцца: чаму беларусы не размаўляюць на беларускай мове. Ці, скажам: як у Заходняй Беларусі ў 1939 годзе сустрэлі савецкую ўладу? Калі вас заваявалі літоўцы? — такое пытанне таксама ёсць.
Трэба адзначыць, што расійскія турысты сустракаюцца розныя. Ёсць тыя, якія абураюцца, калі ім распавядаеш пра пэўныя старонкі гісторыі, але ёсць і тыя, якім наадварот цікава — яны хочуць ведаць наш погляд на падзеі. Яны нават эмацыйна рэагуюць на пэўныя рэчы: «Божухна, як сорамна! Як можа было ўзарваць Фару Вітаўта?». (Адзін з самых старажытных храмаў ВКЛ савецкія ўлады ўзарвалі ў 1961 годзе — Reform.by). А іншыя могуць буркнуць: «Такі быў час».
Памятаю, як адны расійскія турысты скардзіліся, што ў Беларусі расіян не любяць. Маўляў, яны праехаліся па гарадах, і экскурсаводы кажуць, што ў мінулым рускія шмат што ў Беларусі зруйнавалі. «І гэта, і тое…» — абураюцца яны. Я на гэта адказваю: «Не камплексуйце, у нас і шведы таксама пабывалі, шмат чаго ўзарвалі».
«Шчучыншчына зараз — адзін з папулярных маршрутаў»
— На тваю думку, ці паўплывалі падзеі 2020 года на цікавасць беларусаў да сваёй краіны?
— Так, людзі пачалі больш цікавіцца сваёй гісторыяй. Яны сталі наноў адкрываць Беларусь.
І я бы сказала, што на дадзеным этапе беларусы ўжо пайшлі ўглыб — галоўныя помнікі, асноўнае ўжо пагледжана — Мір, Нясвіж, Косава, і людзі пайшлі ў аграсядзібы, балоты, экалагічныя тэмы. Беларусы палюбілі ўсялякія прыродныя экскурсіі — каякі, байдаркі распісаны на месяц наперад.
Сёння ў трэндах вандроўкі на Палессе — Пінск, Моталь. Шчучыншчына ўзляцела пасля вядомай песні — Алены Жалудок, і зараз адзін з найбольш папулярных маршрутаў. Хіт вельмі добра ўскалыхнуў увагу да краю, горада, а потым пачало працаваць «сарафаннае радыё». Людзі бачаць у Інстаграме фотаздымкі сяброў на фоне — і справа пайшла далей.
— Ёсць хваля цікавасці да нейкіх аб’ектаў?
— Стары Замак у Гродна. Ён ужо два гады «на хвалі». Музейшчыкі з цяжкасцю спраўляюцца з той плынню наведвальнікаў, якая на іх абрынулася. Вялікі плюс, што там рэгулярна адкрываюцца новыя залы. Адкрылася адна зала — усе схадзілі, потым падрыхтавалі новыя — зноў цікавасць публікі з’явілася, нядаўна вось алебастравая зала дадалася — чаму б зноў не наведаць замак? У людзей увесь час ёсць падстава туды хадзіць.
У Косава адкрылі цэлы паверх — у Палац Пуслоўскіх едуць тыя, хто там быў і пяць, і тры, і два гады таму.
Адбыўся сёлета запуск комплекса Булгакаў у Жылічах — беларусы паехалі. Калі ёсць інфанагоды — попыт будзе.
Я зараз, напрыклад, збіралася ў Брэст групу весці. Група была там чатыры гады таму, мы паглядзелі амаль усе музеі Брэста. А чаго там новенькага? Пакуль не ведаю, што ім прапанаваць.
«Гэта пытанне знаходзіцца па-за сферай маёй кампетэнцыі»
— Дзяржава неяк падтрымлівае цікавасць беларусаў да спадчыны?
— Дзяржава, мне падаецца, ва інфраструктуру зусім не ўкладвае. Вось адкрыліся Жылічы, а што там побач з Жылічамі? Ці ёсць дзе пасяліцца? Дзе паснедаць? Кожны помнік, калі ён адкрываецца — гэта добрая нагода з’ездзіць у той раён, куды ты раней не дабіраўся. Паглядзець адну славутасць, другую, заночыць у мясцовым гатэлі, аграсядзібе, «зачапіць» па дарозе яшчэ цікавостку, набыць сувеніры. Ці ёсць гэта інфраструктура? Мне падаецца, з гэтым у нас бяда. Як бяда і з маркетынгам. Шмат помнікаў наведваюць толькі за кошт «сарафаннага радыё». Так не павінна быць.
— Гэтым летам Міністэрства спорту і турызму вызначылася з патрабаваннямі да экскурсаводаў і гідаў- перакладчыкаў у пастанове №33 ад 4 ліпеня. У прыватнасці, там гаворыцца аб «недапушчэнні суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў аб Беларусі і іншых дзяржавах», і аб прыняцці мер па недапушчэнні «некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў або дзеянняў». Як гэты дакумент сказаўся на вашай працы?
— Шчыра кажучы, тыя пункты, якія ты працытавала — я так для сябе і не зразумела. Што такое «прыняцце мер па недапушчэнні некарэктных дзеянняў»? То-бок, калі турысты нам кажуць штосьці «некарэктнае», мы павінны спыніць экскурсію? Міліцыю выклікаць? Не зразумела.
На мой погляд, гэты дакумент проста рэгламентуе тое, што адбывалася — калі экскурсаводаў пазбаўлялі акрэдытацыі за неадпаведнасць маральна-этычнагаму вобліку. Але цяпер і кожны чалавек, які прыходзіць на экскурсію і пачынае казаць нейкую лухту, можа цябе падставіць. Бо за яго словы, атрымоўваюцца, цябе могуць пакараць.
— Ці ёсць слушныя патрабаванні ў гэтай пастанове?
— Там ёсць перапісаныя рэчы, якія і так існавалі — па сертыфікацыі, гэта ўсё было. Мне падаецца, што ўсё пісалася дзеля гэтых самых пунктаў пра «некарэктныя дзеянні» і «недапушчэнне некарэктных ацэнак» з нашага боку. Каб мы прытрымлівалі свае меркаванні. Хоць, па сутнасці, мы свае меркаванні і не выказваем. У нас тэарэтычна ёсць зацверджаныя кантрольны і індывідуальны тэксты — мы па гэтых тэкстах экскурсіі і вядзем.
На практыцы ўсё цяпер робіцца так. Калі турысты задаюць пытанні, якія падаюцца мне некарэктнымі, я проста на іх не адказваю.
— Гэта часта здараецца?
— Здараецца. Бо людзей цікавяць нейкія рэчы, звязаныя з палітыкай, эканомікай. Але калі я пастаўлена ў такія ўмовы, калі адказваць, лічы, нельга, мне нічога не застаецца, як ухіліцца ад адказу. Я так і кажу: «Гэта пытанне знаходзіцца па-за сферай маёй кампетэнцыі».
«Увесь час мусіш балансаваць паміж гістарычнай праўдай і «палітыкай партыі»
— Як гэта ўвогуле — працаваць экскурсаводам у Беларусі ў 2023 годзе?
— З аднаго боку, як мы ўжо акрэслілі, попыт на экскурсіі, падарожжы вельмі высокі. Працы больш, чым мы можам пацягнуць. З іншага боку, ты ўвесь час паміж молатам і кавадлам, увесь час мусіш балансаваць паміж гістарычнай праўдай і «палітыкай партыі». Гэта вельмі няпроста. Пры тым, што ў нас ёсць кантрольныя тэксты, пра якія я казала вышэй, нават тое, што прапісана ў кантрольных тэкстах — усё роўна можа выклікаць пытанні. Бо тыя ўзоры пісаліся 3-5-7-10 гадоў таму. І тое, што тады падавалася нармальным, сёння можа паказацца ненармальным. Ты ўвесь час мусіш думаць, што ты гаворыш.
— Людзі сыходзяць з прафесіі?
— Пакуль трымаюцца. Але гэта так — прафесійных гідаў становіцца ўсе менш.
Асабліва складана сёння знайсці гіда ў невялікіх гарадах і мястэчках. Тых, каму можа было б даверыць сваіх турыстаў.
Сёння гіду прасцей зрабіць «аглядкі» (аглядныя экскурсіі — Reform.by) па Мінску, чым везці кудысьці, дзе трэба рыхтавацца.
Бывае і такое, што прыязджаеш у музей і разумееш, што ва ўстанове добрых супрацоўнікаў засталося на раз-два. Усіх пазвальнялі. Замест іх прыходзяць па размеркаванні ўчорашнія cтудэнты. І атрымоўваецца, што музей добры, а распавесці пра яго няма каму.
І тады мы выходзім на галоўнае пытанне — а што такое прыцягальнасць краіны ў вачах іншых? Так, у нас ёсць што паглядзець, але не толькі помнікі ствараюць імідж — яго робяць людзі. Тыя, хто цябе сустракае, распавядае, знаёміць з краем. Зараз намагаюцца задушыць экскурсаводаў няшчасных. Ну, добра, вы іх задушыце, і хто вам будзе краіну паказваць? Чыноўнікі?
Зараз гэта каста закаханых у краіну людзей яшчэ застаецца ў Беларусі. Але ці надоўга яны застануцца? Краіна паўстае праз расповед экскурсаводаў — калі яны знікнуць, то і гісторыя сыдзе.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: