Падчас форуму «Беларусы годныя лепшага» рок-выканаўца і культурны дзеяч Лявон Вольскі пажартаваў наконт адсотку галасоў, які будзе прыпісаны Лукашэнку па выніках «нявыбараў» — 97%. Сімвалам сённяшняй падзеі, на яго думку, стаў шпіц Умка і яго ўчынак на выбарчым участку.
— Сёння шмат было прамоўцаў, шмат пра што казалі, пра гэтыя чарговыя векапомныя выбары — раз на пяць гадоў здараецца такая падзея ў Беларусі, — пракаментаваў 26 студзеня напярэдадні выступлення гурта Volsky на форуме спадар Лявон. — І ў кожнай гэтай падзеі ў розныя гады ёсць свой сімвал. Мне падаецца, што ў гэтым годзе сімвал — маленькі беленькі сабачка, які забягае на ўчастак, падымае заднюю лапку і акрапляе сваёй чароўнай вадкасцю гэта сакраментальнае памяшканне. І каб працягнуць справу гэтага шпіца, трэба проста намаляваць адсоткі — 97%, напрыклад, і гэта акурат будзе тое, што трэба, тое, што патрабуецца ў гэтай сітуацыі, — зыранізаваў музыка.
Таксама наконт магчымых вынікаў «нявыбараў» выказаліся ЧынЧыны. Вядомыя чыноўнікі ў выкананні артыстаў-купалаўцаў Міхаіла Зуя і Дзмітрыя Есяневіча — Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч — завіталі на дэмакратычную пляцоўку «з праверкай».

— Нам паступалі сотні і тысячы сігналаў ад вас. Мы прыехалі разабрацца з беларускай культурай за мяжой. Трэба наша рука — крэпкая, мазолістая, валасатая рука, — «навялі парадак» Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч. — Мы прыехалі з праверкай, і, на жаль, яна не на вашу карысць.
— Вось у нас зараз «Марафон адзінства» ідзе. У нас там весела — смажанкі, дранікі, калдуны, і зноў жа смажанкі. І ўсё гэта адбываецца ў прыгожых памяшканнях, якія атапліваюцца, у палацах рэспублікі, там мармур, пазалота, добрыя гардзіны вісяць, дываны. А ў вас што тут? Пажарных апавяшчальнікаў няма, вогнетушыцеляў няма. Дываны нават не разаслалі — брэсцкія, віцебскія дываны, дзе яны? Дываны абавязковыя ва ўстановах, усе важныя пытанні вырашаюцца жа пад дыванамі. Жанчына маладыя сядзяць, потым прадуе — будзе ўсё жыццё лячыць нырку. Адумайцеся! […]
— Давайце параўнаем артыстаў. У вас тут выступалі «Крыві», добры гурт, але параўнайце з «Харошкамі», — не спыняліся Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч. — Ці гурт «Бяседа» з баянам наперавес, як добры шаулінскі манах лятае з кулісы за кулісу. А тут што? Вы жа любіце Лявона [Вольскага], гэтага выканаўцу. Вы чыталі, як называюцца яго песні? Песні называюцца «Заветраны шар» нейкі, «Лёгкія-лёгкія» — гэта песня пра папіросы, ці пра жанчын лёгкіх паводзін? Ці пра першае, і другое? І, канешне жа, будзе яго песня пра трох паўзуноў. Які іезуіцкі розум у гэтага чалавека — замаскіраваў гэтых паўзуноў пад чарапах […].

Завяршалі сваю «праверку» чыноўнікі апытаннем «Хто за тое, каб у Беларусі ўсё засталося, як і раней?». Падлік галасоў здзяйсняў электронны памочнік «Лідзія» — яна паказала 87%.
«Дзякуй, дзякуй за давер!» — падзякавалі чыноўнікі.
Форум беларускіх дэмакратычных сілаў «Беларусы годныя лепшага», які ладзіўся сёння, 26 студзеня, доўжыўся чатыры гадзіны. З беларускіх дзеячаў культуры на ім выступілі Павел Латушка, Валярына Кустава, гурт Kriwi, Андрэй Гнёт, Дзіма Нікановіч, ЧынЧыны, Лявон Вольскі. Адкрывалі форум «Вольны хор» і Святлана Ціханоўская. Падзея, на якой ў фармаце TED гучалі прамовы эканамістаў, актывістаў, журналістаў, палітыкаў і якая транслявалася на YouTube, на дадзены момант набрала больш за 2 тысячы праглядаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.