Ганна Комар, паэтка, перакладчыца і рэдактарка выдавецтва «Скарына / Skaryna Press» склала ліст публікацыяў беларускай прозы і паэзіі ў перакладзе на англійскую мову.
«Часам (не так часта, як хацелася б) мяне пытаюць, дзе можна прачытаць беларускую паэзію на англійскай мове, — піша аўтарка спісу. — Пасля паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі 2020-2021 гадоў анталогіі беларускай паэзіі і прозы былі апублікаваныя на некалькіх еўрапейскіх мовах: шведскай, нямецкай, літоўскай, дацкай, польскай, рускай. Але не на англійскай. Аднак беларуская літаратура на англійскай мове існуе; вы можаце знайсці некаторыя з гэтых перакладаў, але гэта праблема. Я хачу крыху палегчыць жыццё тым, хто хоча чытаць беларускае пісьменства на англійскай мове, таму сабрала невялікі дайджэст. Ён не поўны, можа, непаслядоўны, нешта прапускае. Я пабудавала яго на аснове камбінацыі таго, што я ведаю, і таго, што я выявіла у ходзе даследаванняў«.
Ганна Комар распачынае свой спіс з праекта Free All Words, тэкставага і перакладчыцкага фонду для пісьменнікаў з краін, якія знаходзяцца пад ціскам. Ён быў створаны ў 2022 годзе пад эгідай Еўрапейскай рады пісьменнікаў (EWC) і падтрымаў пераклады беларускіх і ўкраінскіх аўтараў, у асноўным паэтаў, на розныя мовы, уключаючы англійскую. На іх вэб-сайце профіль кожнага аўтара працуе як кніга, старонкі якой вы можаце перавярнуць, ці можаце выбраць верш са спісу.
Далей у спісе перакладаў ідуць пераклады зборнікаў Юліі Цімафеевай «Motherfield» (2022), Вальжыны Морт «Music for the Dead and Resurrected» (2020), вершаў Юліі Чарнышовай, якая цяпер жыве ў Львове, Крысціны Бандурынай, Вольгі Гапеевай, зборнік аповедаў Тані Скарынкінай «A Large Czesław Miłosz With a Dash of Elvis Presley» (2018).
Беларуская класіка прадстаўлена перакладамі Веры Рыч.
Выданне радыё Свабода «Poems on liberty: reflections for Belarus» уключае некалькі дзясяткаў вершаў беларускіх аўтараў некалькіх пакаленняў.
У спісе перакладзеных аўтараў можна таксама знайсці творы Альгерда Бахарэвіча, турэмную літаратуру Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча і Максіма Знака, кнігі Святланы Алексіевіч, а таксама класіку — «King Stakh’s Wild Hunt» Уладзіміра Караткевіча і «People of the marsh» Івана Мележа.
Цалкам прагледзець увесь спіс і пазнаёміцца з кнігамі іншых аўтараў можна тут. У тэксце Ганны Комар закладзена опцыя прайсці па спасылцы і набыць упадабанае выданне.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: