22 сакавіка ў Гайнаўцы з паказа дакументальнай карціны пра Андрэя Саннікава «Такога кшталту надзея» Паўла Січэка распачнецца тур фестываля беларускіх фільмаў Bulbamovie па гарадах Польшчы. Падарожжа, у якое ўвойдуць шэсць гарадоў, прымеркавана да святкавання Дня Волі. «Кожны паказ беларускага кіно мае вялікае значэнне», — дырэктар вядомага кінафоруму Януш Гаўрылюк пракаментаваў Reform.by той момант, што акрамя вялікіх гарадоў івэнты Bulbamovie пройдуць і ў малых куточках Польшчы.
У якія гарады прыедзе «Бульбамуві»? Што прывязе? Па просьбе Reform.by Януш Гаўрылюк распавёў падрабязней пра турнэ фестывалю да 25 сакавіка.
— Першая частка тура — гэта паказы дакументальнага фільма «Такога кшталту надзея» ў рэжысуры Паўла Січэка на Падляшшы. Мы наведаем тры падляшскія гарады: Гайнаўка, Беласток і Бельск Падляшскі разам з героем фільма Андрэем Саннікавым. Пасля паказаў плануем размовы з публікай, — падзяліўся кіраўнік «Бульбамуві». — Фільм распавядае гісторыю жыцця палітыка Андрэя Саннікава, але гэта таксама гісторыя Беларусі апошніх 30 гадоў. Дагэтуль карціна была паказаная ў Заходняй Еўропе (фестывалі ў Лакарно, Мюнхене), а ў Польшчы — на «Бульбамуві» ў мінулым годзе. Гэта стужка вельмі важная для еўрапейскага гледача, які мала ведае пра Беларусь. Але таксама яна цікавая для нас, таму што зроблена праз аўтара зусім звонку: Павел Січэк выпадкова зацікавіўся Беларуссю. Але інтарэс рэжысёра да Беларусі ужо застаўся, і Січэк плануе чарговы фільм на беларускую тэму.
Пасля паказу «Такога кшталту надзеі» ў Гайнаўцы ў туры плануецца і музычная праграма.
— Адбудзецца канцэрт у маленькай вёсцы Уснаршчызна, дзе жыве бельгіец Лёрэнт, які падтрымлівае беларускую культуру, — дадае Януш Гаўрылюк. — На сваім хутары ён ужо прымаў шмат беларускіх музыкаў: гурт «Зніч», Аляксандра Памідорава, Андруся Такінданга, ды калектыў Belarusian Truestory. Гэтым разам да спадара Лёрэнта завітаюць Kurwadziki з Беластоку (беларускі гурт, які ў краіне называўся Bce_crazy) і Пол Гейгерцэлер (Paul Geigerzähler) — лужыцкі серб з Берліна, які прыўносіць свае саркастычныя мелодыі на скрыпцы як у сольным выкананні, так і з яго разнастайнымі групамі і праектамі — Köterkacke, Kopfstand-Lesebühne і Circolo Vizioso.
Потым музыкі паедуць на поўдзень Польшчы ў хутар Гараец на Дзень Салідарнасці з Беларускім Народам, — працягвае расповед кінаруплівец і рэжысёр. — Апрача музыкі тут, як заўсёды, будуць ладзяцца паказы беларускага кіно. Гэтым разам пакажам маю кароткаметражку «Бусел» і дакументальны фільм «Беларусь 23.34» Тані Свірэпы, які перамог у конкурсе маладога кіно на «Бульбамуві 2023». Уладальнікам хутара ёсць Марцін Пятроўскі — паляк, які вельмі актыўна падтрымлівае беларускую і ўкраінскую культуру. Да яго прыязджае інтэлігенцыя са ўсёй паўднёвай Польшчы. Мы ўжо там паказвалі фільмы Андрэя Куцілы, Андрэя Кудзіненкі і іншых беларускіх аўтараў.
Цікава, што горад Быдгашч узнік на мапе гастроляў «Бульбамуві» неспадзявана — на фестываль самастойна выйшаў мясцовы культурніцкі цэнтр.
— У Быдгашч мы трапілі, таму што культурніцкая ініцыятыва з гэтага горада Młyny Rothera ладзіць мерапрыемства з нагоды свята 25 сакавіка. Такім спосабам палякі Быдгашчу хочуць падтрымаць беларусаў. Яны прыдумалі паказы беларускіх фільмаў і проста напісалі да нас. І што цікава, не мы прапаноўвалі ім стужкі, яны самі ведалі, што хочуць паказаць. (Высветлілася, што каманда цэнтра даўно сочыць за нашымі сайтам і сацсеткамі). У выніку ў Быдгашчы будуць паказаныя два фільмы: дакументальная карціна Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць» і кароткаметражная стужка «Бусел» майго аўтарства.
На думку Януша Гаўрылюка, сёння вельмі важна паказваць гледачу беларускае кіно. І дзеля гэтага — варта ехаць нават у самыя аддаленыя куточкі Польшчы.
— Калі гаворка ідзе пра паказы беларускіх фільмаў, я тут пагаджася з вакалістам гурта «Дзецюкі». Ён казаў раней, што можа граць і для публікі, якая складаецца з аднаго чалавека. Кожны паказ беларускага кіно нават у падляшскай вёсцы, дзе прыйдзе пяць чалавек, мае вялікае значэнне. Хтосьці павінен выконваць так званую экалагічную працу. І вядома, што на маленькіх паказах значна мацнейшы кантакт з людзьмі: шмат можна даведацца ў гледачоў, і яны таксама могуць шмат ад нас узяць са сферы беларускага кіно, — лічыць кінадзеяч.
Кульмінацыяй тура стануць паказы беларускага кіно ў Варшаве.
— Апошні сеанс у турнэ — 28 сакавіка — адбудзецца ў нашым кіношным доме — у варшаўскім кінатэатры Iluzjon, — падсумоўвае Януш Гаўрылюк. — Пакажам фільм лаўрэаткі «Бульбамуві» — «Беларусь 23.34» Тані Свірэпы. Гэта паказ — адзін з пунктаў узнагароджання, які ў мінулым годзе мы абяцалі пераможцы конкурсу маладога беларускага кіно.
Напрыканцы Януш Гаўрылюк пракаментаваў і распаўсюджанае ў апошні час «прызнанне» дзейнасці ад беларускіх уладаў — акаўнт «Бульбамуві» ў фейсбуку сёлета быў далучаны да «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
— Каб не мой сябра з Бабруйска, я б пра тое і не даведаўся, — прызнаўся кіраўнік фестываля беларускага кіно. — Спадзяюся, што гэта проста памылка, бо кожны ў краіне, нават Рыгор Азаронак, ведае, што мы для Беларусі добрыя і непрадажныя. Там зверху далі загад, каб штосьці такое зрабіць, і чыноўнікі штосьці зрабілі. Таму ў прынцыпе выйшаў кампраміс. Фейсбук форуму прызналі «экстрэмісцкім», але фестываль беларускага кіно — гэта агульнабеларускае дабро, — падзяліўся бачаннем сітуацыі кінаруплівец.
Дазнацца больш пра тур «Бульбамуві» і расклад яго івэнтаў можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram