«Касіяпея», ZUI, Ягор Забелаў, WTBSK: у Варшаве ў новым годзе пройдзе «міждысцыплінарна беспрынцыпны» андэграўндны фэст «JUNACTVA»

JUNACTVA — такую назву мае «міждысцыплінарна беспрынцыпны» андэграўндны фестываль ад прадзюсарскай ініцыятывы INEXKULT. На пачатку наступнага года — 17 студзеня 2025 года — на пляцоўцы тэатра Komuna Warszawa ў межах новай падзеі выступяць беларускія артысты, што аб’ядноўваюць у сваёй творчасці абсурд, глыбокую іронію і музычны пошук. Феерычны фэст, як абяцаюць арганізатары, мусіць стаць найяскравейшым пачаткам года.

Хто ж у лайн-апе незвычайнай імпрэзы? Чатыры выканаўцы, якія, сапраўды, у бягучым годзе давалі рады ў сваёй справе.

Гэта музыкант-эксперыментатар Ягор Забелаў, які спалучае ў сваёй музыцы авангардны джаз, неакласіку і акардэонны рок. Творца за апошнія гады стаў заўсёднікам фестывальных пляцовак Еўропы, і сёння знаходзіцца ў найвыдатнейшай музычнай форме — дастаткова ўспомніць яго бліскучае выступленне на фэсце беларускіх фільмаў «Бульбамуві-2024».

Ягор Забелаў. Фота: сацсеткі.

Праект WTBSK ад Светы Бень і Сяргея Навіцкага — гэта сумесь эмбіенту, тэхна і трып-хопу з паэзіяй, якая гучыць ад шэпту да крыку. Прэм’ера сінгла дуэта «Тут нікому не месца» адбылася толькі ў чэрвені гэтага года, а ўжо ў лістападзе WTBSK выправіўся ў тур па польскіх гарадах. Зараз ад берлінска-віцебскага праекта цалкам мае права патрабаваць поўнафарматны альбом.

Сяргей Навіцкі і Света Бень у лютым 2024-га. Фота: Раман Якімаў.

Дуэт Алены Зуй-Вайцяхоўскай і Міхаіла Зуя — ZUI — прадстаўляе змрочны танцавальны сінтэвейв з глыбокімі тэкстамі і агрэсіўным бітам. Апошні альбом гурта — ARKA, у якім музыкі спалучылі настальгію, сплін і свабоду — ужо трапіў у топы найлепшых плытак года па версіі музычных крытыкаў, і невыпадкова фэстываль мае назву адной з кампазіцыі з гэтага таленавітага альбома-выказвання.

Алена Зуй-Вайцяхоўская і Міхась Зуй. Фота: Вікторыя Адамава.

І завяршае чацвёрку «зорных» выканаўцаў JUNACTVA гурт «Касіяпея» — касмічны шызапоп з навукова-фантастычным гучаннем і іранічнымі тэкстамі. На канцэртах калектыва ў гэтым годзе быў нязменны sold out, а новы сінгл «Лавец сноў» не застаўся па-за ўвагай публікі. Мяркуем, што ад сэту «зайчекотиков» у Komuna Warszawa можна чакаць касмічна-абсурдысцкага вайбу высокіх частотаў.

Афіша да фестывалю. Фота: facebook.com/inexkult

«Досвед [гэтых выканаўцаў] ператварае музыку ў незабыўныя перформансы — сінтэз гуку, святла і эмоцый», — падсумоўвае канцэптуальных складнік фэсту прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT.

Час і месца фестывалю: 17 студзеня, 19.00, Komuna Warszaw.

Набыць квіткі на падзею можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!