Палатно з прыватнай японскай калекцыі, назва якога на французскай гучыць як Au-dessus de la ville, разлічвалі рэалізаваць на аўкцыёне Sotheby’s на суму ў дыяпазоне ад 12 да 18 мільёнаў долараў. У выніку адна з найвядомейшых карцін Марка Шагала «Над горадам» сышла з малатка за 13,3 мільёна долараў, а з усімі падаткавымі выплатамі — за 15 616 200 долараў.
Таргі адбыліся сёння, 14 лістапада.
За працу мастака з Віцебска дастаткова доўга змагаліся два патэнцыйныя пакупнікі, з якімі іх прадстаўнікі ў зале кансультаваліся па ходзе аўкцыёна па тэлефоне, паведамляе Belmir.by.
У выніку карціна, напісаная Шагалам пасля эміграцыі ў Францыю, была прададзена за суму, якая не пераўзышла верхні цэнавы парог — 18 мільёнаў. Ды ўсё ж суму ў больш чым 15 мільёнаў нельга назваць маленькай.
Нагадаем, што Au-dessus de la ville з’яўляецца аўтарскай версіяй жывапіснай работы Шагала, створанай у 1914-1918 гадах — згаданае слыннае палатно знаходзіцца ў Траццякоўскай галерэі. На Sotheby’s жа была выстаўлена версія 1924 года — твор, над якім Шагал працаваў у Парыжы.
«Бліскучая ода яго найвялікшаму каханню, «Над горадам» – адна з найлепшых карцін, напісаных Шагалам у парыжскі перыяд, і адлюстроўвае ключавыя матывы летуцення, настальгіі і рамантыкі, якія будуць вызначаць творчасць мастака да яго апошніх дзён», — так было прадстаўлена палатно на сайце аўкцыёна.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: