У той час як праграма культурнага імпартазамяшчэння Беларусі пазначае Дзень Усіх Закаханых як «не нашае» свята, забараняючы публічныя івэнты па тэме, астатні свет працягвае ствараць вакол даты 14 лютага рамантычную аўру. Не адмаўляючы кансьюмірысцкага складніку, Дзень Святога Валянціна становіцца часам, калі можна зладзіць сабе і сваім блізкім прыемную падзею — схадзіць на канцэрт, зрабіць рамантычную фотасесію ці выбрацца на спатканне ў незвычайнае месца. Зрабілі невялікую падборку мерапрыемстваў, куды можна завітаць на Дзень Усіх Закаханых у Польшчы і Літве. (Беларусь гэтаксама не здымаем з рахунку, але не прыцягваем увагу да публічных імпрэзаў у краіне).
Польшча
Раман Арлоў — «Лепшыя хіты за 30 гадоў»
14 лютага ў Лодзі з акустычным канцэртам выступіць Раман Арлоў. Музыка, лідар колішняга праекта «У нескладовае» выканае лепшыя хіты за 30 гадоў, а гэтаксама новыя песні.
Канцэрт адбудзецца па адрасе: вуліца Jaracza, 13. Пачатак а 19-й гадзіне.
RSP «саедзіняет»
Самыя «адвязныя» беларускія рамантыкі — гурт «Разбітае сэрца пацана» запрашае ў Дзень Святога Валянціна ў Варшаве на канцэрт «РСП саедзіняет».
«Калі табе сказалі — Нет!
А ты купіў ёй валянцінку —
Ідзі скарэе на канцэрт
І будзь ў талпе пасерадзінке.
Прэўкрасных дам так многа там бывает!
Прытрысь, абнюхайся,
Ведзь РСП — саедзіняет!», — так запрашаюць на сваё выступленне музыкі Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі.
Час і месца імпрэзы — Сцэна Хмельна (Nowy Świat, 27a), 20.00. Квіткі — тут.
Кватэрнік J:Moрс і анлайн-трансляцыя
Рабіць атмасферныя і душэўныя кватэрнікі на Дзень Усіх Закаханых стала ўжо традыцыяй для гурта J: Moрс. Так і сёлета музыкі прапануюць сустрэцца ў Музеі Вольнай Беларусі (на Foksal, 11), каб у прыязнай кампаніі добра правесці час.
«Дзень, які мы вельмі чакаем штогод. Рыхтуем для вас адмысловую, рамантычную ды атмасферную праграму, сюрпрызы. Клічам гасцей. І, па яшчэ адной добрай традыцыі, усіх чакае welcome drink і фуршэт. Абяцаем сапраўды цудоўны вечар!», — рэкламуе свой выступ гурт, нагадваючы, што на кватэрнік даступныя толькі 50 квіткоў.
Але артысты паклапаціліся пра тое, каб да іх шоу маглі далучыцца прыхільнікі з усяго свету. Адмыслова будзе арганізавана анлайн-трансляцыя з эксклюзіўнага выступу — на яе таксама набываюцца квіткі, але тут гледачы самі вырашаюць, колькі заплаціць за квіток.
Афлайн-падзея ў Музеі Вольнай Беларусі пачнецца а 20.00.
Naviband — акустыка
Імкліва разыходзяцца квіткі на акустычны канцэрт NaviBand 14 лютага. Імпрэза адбудзецца ў пакуль невядомым месцы ў Варшаве — наведвальнікам выступу абяцаюць выслаць адрас, дзе пройдзе мерапрыемства, на паштовую скрыню.
Квіткоў на канцэрт ужо засталося не шмат, і набыць іх можна тут.
Кансультацыя ад Free Belarus Center
Дарэчы, не абмінуць рамантычную дату сёлета вырашыў Free Belarus Center. Вядомая грамадская ініцыятыва прапанавала беларусам… бясплатную юрыдычную кансультацыю па пытаннях, звязаных з сям’ёй і шлюбам, а таксама іншымі прававымі аспектамі рамантычных стасункаў у Польшчы.
«Калі вы хочаце ўзяць шлюб у Польшчы, развесціся ў Беларусі, устанавіць бацькоўства, легалізаваць сваё дзіця, якое нарадзілася, альбо будучае, то не адкладайце, запісвайцеся!» — адказаць на пытанні «па тэме» пагадзілася Альвіна Мінгазава, супрацоўніца Free Belarus Center і адвакатка з 17-гадовым стажам.
Кансультацыі будуць праходзіць з 11.00 да 16.00. Месца — Коворкинг FBC (Mokotowska 24, lok. 64).
Для запісу рэзервуйце вольны слот у Doodle па спасылцы. Кансультацыя — бясплатная.
Літва
Рамантычны фотасэт у CreateCultureStudio
У Вільні адмысловую прапанову да даты зрабіла ў Вільні пляцоўка CreateCultureStudio.
Каманда запрашае закаханых для стварэнне рамантычнага фотасэту.
«Наша студыя прапануе вам эксклюзіўныя дэкарацыі, кожная з якіх здольная стаць ідэальным фонам для вашых фатаграфій. Вы самі можаце вырашаць, як іх выкарыстоўваць, здымка на ваш смартфон ці праца з вашым фатографам», — распавядае пра магчымасці студыі CreateCultureSpace.
Выкарыстанне пляцоўкі для фотасэту — данат ад 10 еўра. Запісацца на фотасесію можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: