Незалежнае выдавецтва Scotland Street Press анансавала выхад кнігі Максіма Знака «Зэкамерон: 100 гісторый з-за кратаў і павек» (“The Zekameron: 100 Tales from behind bars and eyelashes»). Выданне з’явіцца ў продажы 1 сакавіка, але ўжо сёння на сайце выдавецтва можна зрабіць перадзаказ.
«Мы маем шмат падстаў для святкавання з выхадам гэтай кнігі», — з натхненнем робіць анонс шатландскае выдавецтва, адзін з пунктаў місіі якога — рабіць больш гучнымі галасы ўнікальных аўтараў.
Scotland Street Press адзначае, што гісторыі Максіма Знака былі дасланыя непасрэдна перакладчыку выдавецтва Джыму Дынглі (Jim Dingley), які раней пераклаў дзве кнігі з Беларусі — «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі» Тані Скарынкінай, і «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча.
«Прыбыццё рукапісу выклікала пытанне: ці паставіць яе публікацыя пад пагрозу жыццё Знака або дапаможа агітаваць за яго вызваленне з турмы? Паколькі бліскучы адвакат ужо быў прысуджаны да дзесяці гадоў калоніі строгага рэжыму на поўначы Беларусі, яго жонка і сястра заклікалі Scotland Street Press працягнуць публікацыю ў Вялікабрытаніі», — тлумачыць кантэкст і перадумовы публікацыі шатландскае выдавецтва.
Ключавыя тэмы ў зборніку са 100 гісторый — гэта супраціў, выжыванне, важнасць штодзённай руціны і сувязі паміж зняволенымі.
«Стыль пісьма Знака бліжэй да Бэкета, чым да Бакача, — прадстаўляе літаратуру беларускага творцы выдавец. — Ён умела выкарыстоўвае чорны гумар, каб адлюстраваць паўсядзённыя перажыванні зняволеных. Абсурднасць банальных і жорсткіх абставінаў, у якіх яны аказваюцца, лаканічна і іранічна перадаецца ва ўсіх ягоных апавяданнях. І калі вы не засмяецеся, то заплачаце».
«Той факт, што гэтая кніга наогул існуе, павінен быць цудам. Проста таму, што гэтыя гісторыі былі вывезены кантрабандай … аднак сапраўдная сенсацыя — гэта ментальнае дасягненне, на якое быў здольны зняволены Максім Знак: у яго сітуацыі, якую сапраўды можна было б назваць безнадзейнай, ён усё яшчэ валодае ўнутранай свабодай ствараць літаратуру», — прыводзяць словы нямецкай рэцэнзенткі з Berliner Zeitung Карнэліі Гайслер на кнігу, якая таксама была апублікавана ў Германіі, Scotland Street Press.
На англійскую мову зборнік гісторый Максіма Знака быў пераствораны перакладчыкамі Джымам Дынглі разам з Элай Дынглі (Jim Dingley, Ella Dingley).
Уступнае слова ў выданні — аўтарства беларуска-амерыканскай паэткі Вальжыны Морт.
Замовіць “The Zekameron: 100 Tales from behind bars and eyelashes» можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: