Экранізаваная адысея пакут людзей на беларуска-польскай мяжы. Пра што расказвае Агнешка Холанд у сваёй карціне «Зялёная мяжа»

Ад рэдакцыі: З 22 верасня ў польскі пракат выйшла «Зялёная мяжа» – адзначаная на Венецыянскім фестывалі карціна слыннай рэжысёркі Агнешкі Холанд пра гуманітарны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Вакол новага фільма кінематаграфісткі ўзняліся спрэчкі – бо Холанд у сваёй стужцы абвінавачвае польскія і еўрапейскія ўлады ў абыякавасці ў дачыненні да мігрантаў, якія губляюць сваё здароўе і жыцці ў памежнай зоне. «Зялёная мяжа» выклікала гарачыя дэбаты, якія часам пераходзяць у адкрытую канфрантацыю, і прайсці міма нашумелага кіно трохкратнай намінанткі на «Оскар» мы не здолелі. Адмыслова для Reform.by журналістка Наталля Вавілонская напісала пра стужку, якая зараз знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Наталля паглядзела фільм на сусветнай прэм’еры, якая адбылася на італьянскім востраве Ліда ў межах асноўнага конкурсу Венецыянскага кінафестывалю.

«Зялёная мяжа» — гэта лесапаласа паміж Беларуссю і Польшчай, праз якую пасля адкрыцця Аляксандрам Лукашэнкам «калідора» у 2021 годзе спрабуюць нелегальна трапіць у Еўразвяз ўцекачы з краін Афрыкі і Блізкага Усходу. Так і называецца фільм знакамітай польскай рэжысёркі Агнешкі Холанд, які сёлета прыцягнуў увагу на Венецыянскім кінафестывалі і быў узнагароджаны спецыяльным прызам журы, і супраць якога інфармацыйная кампанія ў Польшчы доўжыцца ўжо больш за паўгода.

«Nice stay in Belarus» [пер. «Прыемнага адпачынку ў Беларусі»], — ветліва прамаўляе борт-правадніца самалёта, уручаючы па ружы кожнаму пасажыру пры пасадцы ў Мінску. Сярод пасажыраў адны з галоўных герояў фільма: сям’я з Сірыі, у складзе якой маці, тата, трое дзяцей, самаму малодшаму з якіх — паўтара года, і дзядуля. Іх пункт прызначэння — Швецыя, дзе іх чакае радня. Суседкай сямейства па самалёце аказваецца афганская настаўніца англійскай мовы, яна хоча дабрацца да свайго брата, які жыве і служыць у Польшчы.

Стужка, створаная ў капрадукцыі Чэхіі, Польшчы і Бельгіі, крытычна разглядае і паказвае рэчаіснасць, якая з’яўляецца рэальнасцю для мноства людзей ужо некалькі гадоў. У гэтай рэальнасці людзям, якія ратуюцца ад войн і рэжымаў, прапануюць спосаб выратавацца, але гэта аказваецца пасткай, патрапіўшы ў якую іх не пускаюць ні ў адну з краін, а бадзяючыся па дзікіх лясах, яны знаходзяць часцей за ўсё толькі смерць ад голаду, пераахаладжэння або тонуць у балотах. Падобна добра прапрацаванаму журналісцкаму артыкулу «Зялёная мяжа» расказвае пра падзеі на беларуска-польскай мяжы з розных пунктаў погляду: саміх уцекачоў, польскіх валанцёраў і валанцёрак, памежнікаў і іх блізкага атачэння, звычайных палякаў.

Кадр з фільма «Зялёная мяжа». Прадастаўлены Венецыянскім кінафестывалем.

Гэта стварае поліфанічнасць карціны, дзякуючы якой мы адначасова з гісторыяй сям’і з Сірыі і настаўніцы з Афганістана назіраем за яшчэ дзвюма сюжэтнымі лініямі. Адна з якіх — пра маладога памежніка, ён жыве разам з жонкай недалёка ад мяжы і рыхтуецца стаць бацькам. Іншая — пра псіхалагіню, якая пасля смерці мужа жыве з сабакамі і праводзіць сеансы тэрапіі анлайн. Яна, сутыкнуўшыся з жорсткім стаўленнем да ўцекачоў, вырашае дапамагаць, чым зможа. Сцэнарысты ў асобе самой Агнешкі Холанд, Габрыэлы Лазаркевіч-Сецка і Мацея Пісука перыядычна пераплятаюць лёсы асноўных персанажаў, а калі-нікалі развіваюць іх аўтаномна.

У сваім апавяданні гэта квазідакументальная стужка. Часам ты проста забываеш, што глядзіш мастацкае кіно, настолькі неўзаметку і натуральна сціраецца грань. Чаму садзейнічае адразу шэраг фактараў.

Першы — здымка і рухомасць камеры. Імітуючы рэпартажныя здымкі, камера часта рухаецца хутка, адлюстроўваючы тэмпарытм падзей, што адбываюцца. У больш спакойныя, але не менш напружаныя моманты, камера становіцца болей статычнай, але пры гэтым быццам не спыняецца ніколі.

​​Другі фактар, які падмацоўвае адчуванне «дакументальнасці» — непасрэдна рэжысура кадраў. Ва ўсім, што мы бачым у фільме, адчуваецца самавіты бэкграўнд выбітнай рэжысёркі, якая тройчы намінавалася на прэмію «Оскар», працавала з майстрамі кінематографа, менавіта з Анджэем Вайдам і Кшыштафам Занусі, здымала ў сваіх фільмах такіх вядомых актораў, як Дэвід Цьюліс (фільмы пра Гары Потэра, «Фарга») і Леанарда Дзі Капрыа («Тытанік», «Вялікі Гэтсбі», «Воўк з Уол-стрыт»), нават зняла два эпізоды амерыканскага серыяла «Картачны домік». У «Зялёнай мяжы» трэба быць гатовым да буйных планаў разадраных ног уцекачоў, твараў дзяцей, якіх дарослыя спрабуюць напаіць дажджавой вадой з хваёвых іголак, і мноства кадраў з пакутнымі тварамі стомленых, ззяблых, напалоханых людзей.

Каб зберагчы гледача ад патоку візуальнага гвалту, аўтары робяць фільм чорна-белым (акрамя першых кадраў). Аднак гэта працуе не ў поўнай меры і толькі трохі змяншае ўзніклыя страх і немач ад паказанай несправядлівасці. На сусветнай прэм’еры стужкі людзі падчас прагляду часам затулялі павекі далонямі ці заплюшчвалі вочы, каб адгарадзіцца ад асабліва цяжкіх сцэн.

Трэці значны фактар, чаму «Зялёная мяжа» не толькі глядзіцца як дакументальнае кіно, але і пакідае яркае незгладжальнае ўражанне — праца актораў. Агнешцы Холанд удалося сабраць нейкі неверагодны каст. Нават акторы эпізадычных роляў спраўляюцца так добра са сваёй працай, што застаюцца ў памяці.

Дзядулю сям’і з Сірыі сыграў Махамед Аль Рашы, а бацьку — Джалал Альтавіл. Абодва — выбітныя сірыйскія акторы, якія пры гэтым самі з’яўляюцца ўцекачамі, з-за чаго ім не трэба было нічога ўяўляць у працэсе працы на здымачнай пляцоўцы. Як і франка-іранскай акторцы тэатра і кіно Бехі Джанаці Атаі, якая таленавіта ўвасабляе на экране добрую афганскую настаўніцу англійскай мовы.

Французска-бельгійская акторка з кангалезскімі каранямі Джоэлі Мбунду філігранна выканала ролю цяжарнай жанчыны, якую польскія пагранічнікі наўпрост перакідваюць праз дрот, з-за чаго ў яе здараецца выкідак. Для Джоэлі гэта другая праца ў поўным метры пасля галоўнай ролі ў фільме братоў Дардэн «Торы і Лакіта», які атрымаў спецыяльны прыз у Канах-2022.

​​Сярод польскіх актораў і акторак у стужцы зняліся людзі з ужо значным бэкграўндам. Польку, якая стала дапамагаць уцекачам, сыграла Мая Асташэўска, якая ў свой час дэбютавала на вялікім экране ў фільме Стывена Спілберга «Спіс Шындлера». Томаш Улосок, які сыграў польскага памежніка, адзін з найбольш рознабаковых і пладавітых маладых польскіх актораў, ён пачаў сваю кар’еру з апошняга фільма Анджэя Вайды «Паслявыявы».

Апроч гэтага ў фільме зняліся беларускія акторы, былыя чальцы трупы Беларускага Свабоднага тэатру, удзельнікі музычнага гурта «Разбітае сэрца пацана» Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка. Глядач таксама можа памятаць іх як галоўных герояў дакументальнага фільму беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна «Кураж», публічная прэм’ера якога адбылася на 71-м Берлінскім кінафестывалі.

Чацвёрты фактар плаўна перацякае ў пяты. Каб максімальна слушна адлюстраваць падзеі, якія адбываюцца на беларуска-польскай мяжы, Агнешцы Холанд было важна, каб акторы фільма былі не толькі прафесіяналамі ў сваёй справе, але і мелі досвед, адпаведны асноўнай тэме стужкі. Таму сярод актораў, якія атрымалі ролі ўцекачоў, практычна ўсе, улучаючы дзяцей, мелі досвед уцякацтва і нават гісторыю адцісканняў на мяжу паміж Сірыяй і Турцыяй.

Кадр з фільма «Зялёная мяжа». Прадастаўлены Венецыянскім кінафестывалем.

Паводле слоў рэжысёркі, выканаўца галоўнай ролі полька Мая Асташэўска правяла ў Падляскім ваяводстве гэтулькі часу, што магла б кансультаваць фільм. А Пётр Страмоўскі ўдзельнічаў у некалькіх акцыях у прымежных лясах. Некаторыя рэальныя людзі граюць саміх сябе. Адваката сыграў Міхал Ваўрыкевіч. У дзвюх сцэнах з’яўляюцца некалькі рэальных актывістаў разам з Марусяй Зланкевіч, актывістскай групы «Мяжа», якая была кансультанткай на здымачнай пляцоўцы.

Шосты фактар — дасканалае вывучэнне тэмы аўтарамі. У працэсе падрыхтоўкі да фільма і напісання сцэнарыя аўтары прааналізавалі безліч дакументаў, інтэрв’ю з уцекачамі, памежнікамі, жыхарамі памежжа, актывістамі і экспертамі, — што заняло сотні гадзін працы і не магло не паўплываць на выніковыя кадры фільма, падобныя на фатаграфіі з мяжы. Амаль кожная апісаная падзея, сюжэтная лінія мае ў аснове тое, што адбылося з рэальнымі людзьмі.

Усё гэтае разам працуе на вынік. Ты ні на секунду не сумняваешся — усё паказанае адбываецца насамрэч: дзеці тонуць у балоце, людзей перакідваюць як мяса праз дрот туды-назад, быццам гэта нейкая жорсткая забаўка з «Гульні ў Кальмара», а па правілах прайграе той, на чыім баку мяжы апынецца «цела». Польскіх памежнікаў афіцэр-інструктар так і навучае: «Гэта не людзі, а жывыя снарады Пуціна і Лукашэнкі». Пасля такога «навучання» для іх словы «правы чалавека» і спроба афганскай настаўніцы Лэйлы нагадаць аб тым, што «мы ў Еўропе» — нічога больш, чым пусты гук.

У сваю чаргу беларускі бок мяжы ў фільме паказаны як філія пекла. Беларускія памежнікі з садысцкай выдасканаленасцю фізічна і маральна здзекуюцца з уцекачоў. І Агнешка Холанд паказвае гэта без прыкрас. Вось памежнікі прадаюць абязводжаным уцекачам бутэльку вады за 50 еўра, і вось яны ж, забраўшы грошы, дэманстратыўна выліваюць яе на зямлю. З уласцівай службоўцам рэжыму Лукашэнкі ўпэўненасцю ў беспакаранасці беларускія памежнікі «Зялёнай мяжы» ні ў чым сабе не адмаўляюць, нават калі гэта забойства.

Рэжысёрка спрабуе не скаціцца да паказу адных выключна злыднямі, а іншых — ідэальнымі. Але нават у сваёй галаве досыць складана не ідэалізаваць людзей, якія праходзяць праз пекла, а раскрыць гэта ў фільме — задача не з простых. Ці атрымалася гэта ў «Зялёнай мяжы»? Пытанне. Па словах Холанд, яны імкнуліся паказаць уцекачоў у першую чаргу як проста людзей, хоць і з-за недахопу месца ў агульнай прасторы фільма не было магчымасці дэталёва раскрываць персаналіі.

Агнешка Холанд (справа). Фота: Агата Кубіс.

Прынамсі, у рэжысёркі сапраўды атрымліваецца дэкрыміналізаваць бежанцаў, паказаць, што гэта звычайныя людзі, а не «наркаманы, педафілы і заафілы», як сцвярджаюць польскія дзяржаўныя чыноўнікі. У адной са сцэн падлеткі-ўцекачы ў гутарцы з польскімі падлеткамі выяўляюць, што ўсе яны любяць адну і тую ж песню, і разам пачынаюць яе спяваць. Сцэна, у якой Агнешка Холанд нібы капслокам на ўвесь экран напісала для сваіх суайчыннікаў: «Яны такія ж, як мы».

Сярод гэтай бясконцай чарады гвалту з абодвух бакоў мяжы мы назіраем за людзьмі, выхаванымі адной сістэмай, але кожны з іх робіць свой выбар. І часам гэты выбар не відавочны. Праз гісторыю валанцёраў аўтары нам тлумачаць: нават жадаючы дапамагчы, табе трэба альбо падпарадкавацца сістэме і назіраць за смерцямі людзей, альбо ісці супраць сістэмы, рызыкуючы сваім жыццём. Аднак кожны можа выбіраць і сам вызначае сваю грань — і якраз гэта малюсенькі пробліск надзеі ўсяго фільма. Бо зрабіць выбар на карысць гуманнасці да ўцекачоў можа не толькі эмпатычная спачувальная псіхалагіня, але і польскі памежнік, вакол якога лунае позва: маўляў, «упусцім гэтых уцекачоў, і іх будуць тысячы».

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, нельга не адзначыць відавочную маніпулятыўнасць «Зялёнай мяжы». Першае, што кідаецца ў вочы нават чалавеку, які паглядзеў толькі трэйлер, гэта багацце ў кадры агульнапрынята «ўразлівых чальцоў грамадства», такіх як дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя. І вось, можна было б задумацца аб эксплуатацыі гэтых выяў, аднак прыходзіш да высновы, што ў гэтым фільме ўсё апраўдана, і нам паказваюць гісторыі гэтых людзей не дзеля “хайпу”. Рэжысёрка не абмяжоўваецца спробай выклікаць спачуванне, яна капае глыбей і імкнецца заахвоціць людзей паразважаць, і ўзычае для гэтага мноства тэм.

І так, ты адчуваеш, як табой мякка (і не толькі) маніпулююць, але дазваляеш так таму і быць, слухмяна суперажываючы героям і гераіням, якіх ні за што мучаць людзі ў камуфляжных адзеннях. Агнешка Холанд жа выкарыстоўвае не зусім трывіяльныя спосабы адлюстраваць сваю задумку. Напрыклад, супрацьстаўляе УГД цяжарнай жанчыны-ўцякачкі ў палявых умовах з УГД полькі ў стэрыльных умовах белага кабінета з хвалявальнымі гутаркамі пра выбар імя для дзіцяці. І вось так, нібы цаглінка за цаглінкай пры будаўніцтве хаты, рэжысёрка ўкладвае думку за думкай у нашы галовы, прыводзячы да фіналу. Для якога яна наўмысна пакідае галоўны непрыдуманы жыццёвы твіст.

Эпілог паказвае ўжо падзеі на ўкраінска-польскай мяжы ў лютым 2022 года, калі вялізны паток украінцаў перасякае мяжу з Польшчай. Усе тыя ж польскія памежнікі і вайскоўцы ў супрацоўніцтве з актывістамі і валанцёрамі дапамагаюць людзям, якія ратуюцца ад вайны: даюць ежу і пітво, хаваюць пледамі, рассаджваюць па аўтобусах. Тытр дае сухія факты: у першыя тыдні вайны Расіі і Украіны Польшча прыняла два мільёны ўкраінскіх бежанцаў, а на беларуска-польскай мяжы працягваюць паміраць людзі.

Такая канцоўка адных гледачоў уражае, іншых — абурае. Але яна быццам аграняе як алмаз усё, што было паказана «да», і разам з гэтым кантэкстам «Зялёная мяжа» становіцца суцэльным сумленным суровым выказваннем, якое абвінавачвае радзіму рэжысёркі і Еўразвяз, які заплюшчвае на ўсё вочы, у еўрапейскім расізме.

Рэакцыя з’явілася неадкладна. Тое, што пачалося яшчэ падчас здымак стужкі і набыло нейкія неймаверныя маштабы цяпер (у сувязі з выхадам 22 верасня карціны ў польскі пракат), складана назваць неяк інакш, чым цкаванне Агнешкі Холанд. Анджэй Дуда, Яраслаў Качыньскі, Збігнеў Зёбра, Пётр Гліньскі, Збігнеў Раў і яшчэ сотні галасоў з колаў ПіС, — у кожнага з якіх ёсць свае прэтэнзіі наконт фільма «Зялёная мяжа». Намеснік кіраўніка МУС Блажэй Пабожы нават склікаў адмысловую канферэнцыю, прысвечаную фільму і неабходнасці дэманстраваць перад кожным паказам у кінатэатры «тлумачальны» ролік.

Калі сабраць усе іх абвінавачанні ў бок Холанд, атрымаецца неблагі спіс: абяляе Пуціна і Лукашэнку, «не паказвае падзеі з пункту гледжання памежнікаў», «выстаўляе палякаў бандытамі і забойцамі», дый усё апісанае ў фільме не больш, чым фантазія рэжысёркі.

Сама ж Агнешка Холанд у інтэрв’ю для Radio Prague International дастаткова спакойна выказваецца пра нападкі польскіх чыноўнікаў на фільм, кажучы, што «гэта ўрад, які выкарыстоўвае расізм і страх перад чужымі, перад чымсьці іншым, як вельмі дзейсную палітычную зброю», з-за чаго яе не дзівіць іх рэакцыя.

Акрамя таго, Польшча падзелена: палова грамадства займае тую ж пазіцыю, што і я, а палова — супрацьлеглую, — у тым жа інтэрв’ю разважае аўтарка «Зялёнай мяжы». — Так што гаворка ідзе пра тое, каб неяк пераканаць, дагрукацца да тых, хто вагаецца ці не ведае, не хоча ведаць, што адбываецца, і раптам аказваецца ў канфрантацыі з рэчаіснасцю, з праўдай, якую яны адмаўлялі і якая, калі дойдзе да іх сэрцаў, то можа іх змяніць.

Гэта зусім не першы фільм, у якім Агнешка Холанд крытычна выказваецца пра падзеі, якія адбываюцца ў Польшчы. Так, у сваім фільме «Забіць святара» аўтарка ўздымае тэму гучнага палітычнага забойства святара Ежы Папялушкі, а таксама будучы габрэйкай, не раз даследуе гэтую тэму ў сваіх карцінах.

З’яўляючыся прадстаўніцай кінематаграфічнага кірунку «кіно маральнай турботы», рэжысёрка з самага пачатку творчай кар’еры ілюструе ў сваіх працах расчараванне ў ідэях і лозунгах камунізму. З-за чаго яе фільмы ў розныя перыяды маглі цэнзуравацца ці ўвогуле не выходзіць у пракат. Прадстаўнікі гэтага кірунку (Кшыштаў Кясьлёўскі, Войцэк Марчоўскі, Кшыштаў Занусі, Януш Кіёўскі, Анджэй Вайда) лічаць неабходным размаўляць праз кіно на складаныя тэмы, не толькі экзістэнцыйныя, але і этычныя, сацыяльныя і палітычныя.

Акторская каманда фільма разам з рэжысёркай. Фота з сайта Венецыянскага кінафестывалю.

У сучасным польскім кіно няшмат мастацкіх фільмаў, якія расказваюць пра тое, што адбываецца прама цяпер, і робяць гэта «гучна» з сацыяльнага ці палітычнага пункту гледжання. І гэта якраз тое, што ёсць у «Зялёнай мяжы», і робіць яе злабадзённай унікальнай стужкай.

На сусветнай прэм’еры «Зялёнай мяжы» пасля сканчэння фільма апладысменты доўжыліся 15 хвілін, і праробленая ўсёй здымачнай камандай праца была вартая кожнай хвіліны авацый. Бо гэта смелы фільм, які зроблены насуперак, паказвае некамфортную рэальнасць, дазваляючы пазнаць гісторыю, якая, магчыма, адрозніваецца ад асабістага досведу гледача, але дакладна вучыць суперажываць невядомаму.

Падарожжа аўтаркі на Венецыянскі кінафестываль адбылося пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў рамках праекта EU4Culture, які рэалізуецца Інстытутам імя Гётэ, Чэшскім цэнтрам, Дацкім культурным інстытутам і Французскім інстытутам Грузіі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!