Гаворка пра сістэму рэгіянальнай бяспекі як існую мадэль і месца ў ёй Беларусі была магчымая да 2014 года. Пэўнай мерай яна захоўвалася да канца 2021 года. Хоць ужо станам на канец 2021-га патрабавала карэннага перафарматавання. І, нарэшце, пасля лютага 2022 года можна канстатаваць яе поўную руйнацыю: фармальныя сістэмы дамоў у сферы бяспекі для асобных краін існуюць і дзейнічаюць, але фактычна ў рэгіёне ідзе вайна, якая ёсць найбольш маштабнай пасля Другой сусветнай. Таму ў гэтым артыкуле можна казаць не пра месца Беларусі ў сістэме, якой не існуе, а пра магчымае месца ў новай, абноўленай сістэме рэгіянальнай бяспекі. І пачаць варта з этапаў разбурэння старой.
Да 2014 года ў рэгіёне адбывалася вайскова-палітычнае балансаванне:
1. На глабальным узроўні: Блока NATO і расійскіх вайскова-палітычных фармацый. У першую чаргу гэта АДКБ, а таксама сістэма двухбаковых дамоўленасцяў з краінамі рэгіёна. У прыватнасці:
2. На лакальным узроўні:
У якасці дыялогавых пляцовак выкарыстоўваліся міжнародныя арганізацыі й праграмы супрацоўніцтва. Сярод арганізацый ключавой была OSCE, дапаможнымі — праграмы кантактаў (як двухбаковыя, так і шматбаковыя) дыялогу NATO з РФ і дзяржавамі-суседзямі.
Пры гэтым Расія выкарыстоўвала свой удзел у міжнародных арганізацыях і палітычны ўплыў для гарантавання прысутнасці сваіх войскаў у зонах лакальных канфліктаў у якасці «міратворцаў».
Беларусь у гэтай сістэме была часткай выключнай расійскай зоны ўплыву праз удзел адначасова ў АДКБ і двухбаковай сістэме вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з РФ у фармаце Саюзнай дзяржавы.
Сітуацыя характарызавалася намаганнем удзельнікаў не выходзіць за межы лакальных канфліктаў і такім чынам не ставіць незалежнасць ці палітычны лад дзяржаў рэгіёна пад пагрозу менавіта вайсковых чыннікаў. Гэта дазваляла цэлай групе дзяржаў існаваць у ролі «нявызначаных» альбо, калі казаць цынічна, «буфера бяспекі». Ключавыя гульцы выкарыстоўвалі механізмы мяккай сілы (інфармацыйныя аперацыі, эканамічны ціск, стымуляванне палітычных працэсаў) для ўплыву на іх пазіцыянаванне, але не стымулявалі хуткі рух да таго ці іншага блоку. Альбо ставілі іх на паўзу (прыклад імкнення Грузіі ды Украіны да ўступу ў NATO).
З моманту анексіі Крыму й пачатку вайны на Данбасе сістэма рэгіянальнай бяспекі пачала разбурацца.
Глабальная лінія супрацьстаяння, але адначасова й дыялогу па восі NATO-АДКБ захавалася. Бакі да апошняга ўстрымліваліся ад эскалацыі (калі не браць пад увагу рэзкія заявы): разгортванне новых сілаў было досыць абмежаваным і не магло несці пагрозы альянсам. Але на фоне анексіі ўкраінскай тэрыторыі і стварэння Крамлём проксі-дзяржаваў на Данбасе, краіны ЕС і ЗША перайшлі да больш актыўнай палітыкі вайсковага ціску на Расію (праз палітычныя, санкцыйныя, інфармацыйныя механізмы й механізмы экспартнага кантролю).
На лакальным узроўні адбыліся больш істотныя змены.
Беларусь у гэтай сістэме паспрабавала заняць месца пляцоўкі для дыялогу, не прымаючы нічый бок у расійска-ўкраінскім канфлікце, спрабуючы максімальна «манетызаваць» прадстаўленне тэрыторыі для перамоў трохбаковай кантактнай групы па мінскіх дамоўленасцях. Фактычна, калі Турэччына станавілася «перамоўнай пляцоўкай, якая ўваходзіць у NATO, Беларусь спрабавала стаць тым жа самым, але як краіна-ўдзельніца АДКБ. І тым самым крыху адбалансаваць уплыў РФ.
Пасля пачатку актыўнай фазы палітычнага крызісу ў Беларусі функцыянал «пасярэдніка» для афіцыйнага Мінска стаў немагчымы. Больш за тое, пачалася спіраль эскалацыі з краінамі ЕС і ЗША. Дзе атачэнне Лукашэнкі не магло дазволіць сабе першымі пайсці на кампраміс, баючыся, што такі крок будзе ўспрыняты насельніцтвам як праяўленне слабасці. Лідары еўрапейскіх краін, якія паспелі задэклараваць падтрымку новай беларускай апазіцыі і рэзкую палітыку непрыняцця ўзроўню рэпрэсій у Беларусі таксама не маглі першымі зрабіць крок насустрач, бо такое ставіла пад сумнеў іх здольнасць праводзіць паслядоўную палітыку. Да таго ж, беларускія ўлады паспрабавалі па прыкладзе Турэччыны разыграць «міграцыйную карту». Маштабы «міграцыйнага крызісу» былі ў разы меншыя, чым ідучыя паралельна аналагічныя крызісы на турэцка-грэцкай і франка-брытанскай межах. І, каб бакі не знаходзіліся ў спіралі эскалацыі, быў бы магчымы шлях пошуку кампрамісаў між бакамі. Але паколькі ні Мінск, ні Вільня ці Варшава не маглі сабе дазволіць крокаў на дээскалацыю, то такая гульня з мігрантамі прывяла да пераводу палітычнага непрыняцця беларускіх уладаў у рыторыку небяспекі для ЕС і NATO, якая ідзе з Беларусі. Такая сітуацыя стала ідэальным фонам для ўзмацнення прысутнасці (і ўплыву) Расіі.
Дадатковым чыннікам, які ўплываў на бяспекавы баланс рэгіёна, была эканамічная экспансія КНР і адбудова сухапутнага калідору ў межах праекта «Адзін пас — адзін шлях». І хоць палітычны складнік праекта КНР прызнала толькі ў 2020 годзе, сам факт імклівага росту транзітных патокаў і зацікаўленасці ключавых эканомік Еўразіі (ЕС ды КНР) у бяспецы такога транзіту дадаваў стабільнасці сітуацыі. Але ствараў перадумовы і для далейшай трансфармацыі сістэмы рэгіянальнай бяспекі, яе фармалізацыі з улікам новых чыннікаў. Тыя ж канфлікты навокал Беларусі бакі старанна выводзілі за межы працы транспартных калідораў. Напрыклад, Польшча заяўляла пра спынення працы памежнага чыгуначнага пункту пропуску. Праз які ішло 1,7% аб’ёмаў кітайскага транзіту. Але пры гэтым будавала інфраструктуру (кансультуючыся з беларускімі партнёрамі) для павелічэння прапускной здольнасці чыгункі па ўсіх 5 месцах злучэння транспартных сістэм дзвюх краін.
Расійская агрэсія 2022 года, незалежна ад таго, як яе называюць, стала найбольш маштабнай вайной у рэгіёне з часоў Другой сусветнай. У такіх варунках захаванне старой сістэмы рэгіянальнай бяспекі было магчымае толькі пры адной умове: хуткая капітуляцыя Украіны і згода краін. NATO на пашырэнне сферы ўплыву РФ у рэгіёне. Гатоўнасць бакоў да такога фіналу (дакладней, жаданне Крамля атрымаць такі фінал і нежаданне краін ЕС і ЗША ўваходзіць у прамы канфлікт) была. Але не было гатоўнасці Украіны да капітуляцыі.
Як вынік зацягванне вайны пазбавіла глабальных гульцоў значнай часткі поля для манеўру:
Такім чынам, Масква працягнула вайсковую аперацыю (чытай вайну), ЗША і Брытанія ўжо з канца красавіка пачалі актыўна прадстаўляць вайсковую дапамогу Украіне. Як і іх ключавыя партнёры на еўрапейскім кантыненце – краіны «Трохмор’я» (за выключэннем Угоршчыны). Краіны ядра ЕС (Францыя, Нямеччына, Гішпанія, Італія) з ростам інтэнсіўнасці атак РФ на цывільную інфраструктуру Украіны, а таксама на фоне навін пра вайсковыя злачынствы расійскай арміі таксама вымушаны ісці шляхам паступовага павелічэння памераў сваёй вайсковая-тэхнічнай дапамогі.
Фактычна краіны рэгіёна падзеленыя на 2 вялікія лагеры: тыя, хто дапамагае Украіне, і тыя, хто ёсць саюзнікам ці памочнікам РФ. Ва ўмовах актыўнай вайны казаць пра «рэгіянальную сістэму бяспекі» не выпадае.
Пры гэтым можна вылучыць некалькі краін, якія маюць адметную пазіцыю:
Беларусь, на жаль, наўпрост уцягнутая ў канфлікт. З беларускай тэрыторыі адбывалася ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну, Беларусь выкарыстоўваецца як месца навучання расійскіх салдатаў, крыніца паставак шырокай наменклатуры вайсковых тавараў. Фактычна мы маем парушэнне нормаў нават «новапрынятай» рэдакцыі Канстытуцыі, якая яўна забараняе агрэсію з беларускай тэрыторыі *(не залежна ад таго, чыімі войскамі) датычна трэціх краін. А па вызначэннях «агрэсіі», прынятых ААН, Рэспубліка Беларусь можа лічыцца таксама дзяржавай-агрэсарам.
Пры гэтым нават такі ўдзел у расійска-ўкраінскай вайне ёсць моцным дэстабілізуючым фактарам ва ўмовах працягу палітычнага крызісу ў краіне. Для атачэння Лукашэнкі, як і для краін Захаду, была выгоднай ці прымальнай хуткая капітуляцыя Украіны. Зацягванне вайны ўсё глыбей зацягвае Беларусь у арбіту РФ. Максімум, на што хапае сілаў афіцыйнага Мінска – устрымлівацца ад прамога ўдзелу ў вайне сваіх узброеных сілаў. Паколькі перарастанне канфлікту, яго перавод з двухбаковага на шматбаковы фармат не выгадны (ці не пажаданы) краінам ЕС, то на дадзеным этапе няма актыўнага прасоўвання тэзісу Беларусі як другой краіны-агрэсара. Палітычныя заявы ёсць, санкцыйны ціск таксама, але ў дакументах міжнароднага права (у тым ліку дакументах OSCE) Рэспубліка Беларусь выносіцца «за дужкі». Гаворыцца пра яе дапамогу Расіі, але не кажацца пра непасрэдны ўдзел у агрэсіі ці агрэсію.
Можна сцвярджаць, што новая сістэма рэгіянальнай бяспекі будзе фармавацца па выніках расійска-ўкраінскай вайны. Канфлікт з вялікай доляй верагоднасці скончыцца без капітуляцыі Крамля – гаворка йдзе пра тое, якія тэрыторыі будзе кантраляваць Расія на момант падпісання мірнай дамовы. І ўжо гэта (сам факт няздольнасці перамагчы Украіну) істотна б’е па палітычных амбіцыях і палітычным пазіцыянаванні Расіі. Фактычна РФ рызыкуе страціць статус глабальнай супердзяржавы. Гэта выгадна не толькі ЗША і КНР, але і растучым рэгіянальным лідарам, кшталту Турэччыны. Пры гэтым развал і дэзінтэграцыя Расіі не выгадныя нікому апроч, магчыма, Украіны.
Пэўныя крокі змены канфігурацыі сістэмы бяспекі на кантыненце (і, як вытворная ад таго, у нашым рэгіёне) можна назіраць ужо цяпер. У прыватнасці:
І нарэшце, ключавым фактарам, які будзе ўплываць на глабальную (а значыць і рэгіянальную) бяспеку, ёсць палітычныя дэкларацыі КНР па ХХ з’ездзе КПК. Кітай адкрыта гаворыць пра прэтэнзіі на глабальнае лідарства, фармаванне сваёй зоны ўплыву і магчымы пераход да двухпалярнага свету. Пры гэтым Беларусь, на думку Пекіна, мае адносіцца да кітайскай зоны ўплыву. Што, дарэчы, дае афіцыйнаму Мінску шанцы на фармаванне ўласнай пазіцыі ў рэгіёне.
Любая сістэма бяспекі ёсць наборам фармальных і нефармальных дамоўленасцяў, якія дазваляюць не выводзіць эканамічную ці палітычную канкурэнцыю між дзяржавамі на ўзровень вайсковага канфлікту.
Таму пры вызначэнні базавых контураў новай сістэмы варта спачатку ацаніць чыннікі, якія яе будуць абмяжоўваць у фармаванні: ліні патэнцыйных канфліктаў ці напружанасці, уплыў глабальных і рэгіянальных лідараў, а таксама існыя ды створаныя кааліцыі дзяржаваў. І тут скарыстаюся алгарытмам, ужытым на пачатку артыкула.
Глабальны ўзровень ці вызначальныя працэсы.
Ключавым на глабальным узроўні становіцца супрацьстаянне па лініі ЗША — КНР. Абедзве дзяржавы схільныя фармаваць кааліцыі з рэгіянальных краін, якія будуць гарантаваць рэалізацыю іх інтарэсаў на той ці іншай тэрыторыі. І калі ЗША ужо даўно прысутныя ў рэгіёне, маюць як старыя фарматы (NATO), так і ствараюць новыя (Трохмор’е), то КНР толькі заходзіць на гэтую тэрыторыю і будзе спрабаваць выкарыстоўваць альбо моцных рэгіянальных саюзнікаў альбо (і) дзейнічаць праз пашырэнне сваіх (ці падкантрольных) фарматаў кшталту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у якую, дарэчы, будуць прымаць і Беларусь (у якасці паўнавартаснага ўдзельніка).
Канфлікт РФ — NATO не знікае, але па выніках вайны пачынае адыходзіць да статусу «другарадных». Прычынай таго будзе агульнае паслабленне Расіі (з узмацненнем КНР) і цэнтрабежныя працэсы ўнутры АДКБ. З гарантаваных (на сёння) саюзнікаў у рэгіёне Крэмль мае хіба толькі Беларусь. Лінія напружанасці цалкам не знікне, але яна можа стаць часткай лініі глабальнага супрацьстаяння ЗША з Кітаем: КНР, як згадана вышэй, будзе спрабаваць дзейнічаць праз залежныя ад яе дзяржавы, якой становіцца і РФ.
На рэгіянальным узроўні сітуацыя кардынальна мяняецца параўнаўча са старой мадэллю:
Што тычыцца альянсаў, якія існуюць ці існавацьмець у бліжэйшай перспектыве, то базавыя ў выглядзе NATO і АДКБ застаюцца. У той жа час варта чакаць спробаў змяніць палітыку ўнутры й датычна знешніх партнёраў у абодвух арганізацыях. NATO вымушана будзе трансфармавацца на базе ўрокаў ад расійска-ўкраінскай вайны. АДКБ будзе губляць уплыў, і для арганізацыі пытанне стаіць больш жорстка: ці трансфармацыя, ці знікненне за 5-7 год.
Пры гэтым паласа «нейтральных» дзяржаў будзе альбо істотна звужана, альбо знікне зусім за кошт кааптацыі іх да існых саюзаў.
На рэгіянальным узроўні зрухі могуць быць яшчэ больш глабальнымі.
Калі паспрабаваць вызначыць стартавыя пазіцыі Беларусі станам на «цяпер». То маем наступныя ключавыя чыннікі:
Такім чынам, цяпер Беларусь знаходзіцца на канцы ляза адразу дзвюх канфрантацыйных ліній:
Пры гэтым краіна не ёсць удзельнікам ніводнай рэгіянальнай стабілізуючай структуры. Больш за тое, саюз с РФ можна ўспрымаць хіба як дадатковы фактар рызыкі. Адпаведна краіна мае выбар з невялікай колькасці опцый: заставацца да апошняга «францірам» Расіі, спроба пераходу пад «кітайскі парасон» ці пачатак (аднаўленнне) палітыкі балансу інтарэсаў. Ніжэй падаю схематычную ацэнку кожнага са сцэнароў.
Адназначны выбар аднаго з бакоў. Трымацца за РФ, не змяняючы яе, нават на фоне агульнага аслаблення расійскіх пазіцый на міжнародным полі. Пры гэтым не шукаць выхаду з існых канфліктаў з суседзямі у надзеі, што іх база (на глабальным узроўні – лініі канфрантацыі РФ — Захад, КНР — ЗША) будзе вырашана больш моцнымі гульцамі самастойна.
Гэта базавы сцэнарый на сёння, які вытрымлівае афіцыйны Мінск. Тактычна такі падыход дае пэўную гарантыю ад актыўнага ўмяшальніцтва суседзяў ды спробаў вырашыць «беларускае пытанне» з прычыны нежадання разрастання вайны.
У якасці бонусаў можна згадаць танныя энергарэсурсы (параўнаўча з суседзямі), прэміяльны доступ да расійскага рынку, што дазваляе максімалізаваць даходы, якія генеруюцца існай тэхналагічнай базай (з праблемнымі перспектывамі яе ўскладнення).
Але гэта істотна абмяжоўвае магчымасці для ўласнай знешняй палітыкі (РФ канфліктуе з усімі на заходнім кірунку), а таксама абмяжоўвае перспектывы для эканамічнага развіцця, зважаючы на тэхналагічную адсталасць самой Расіі. Якая не зможа стаць донарам ведаў ды тэхналогій для беларускай эканомікі.
Змена партнёра на ўсходнім кірунку з РФ на КНР без вырашэння праблемы канфрантацыі з суседзямі можа не даць патрэбнага парасона бяспекі.
Магчымы выхад з пасткі сцэнарыя франціру
Дыялог с Крамлём пра змену функцыяналу Беларусі з «пярэдняга краю» на «дадатковага прадстаўніка» ці пасярэдніка ў пытаннях гандлю, рэгіянальных контураў бяспекі. Магчыма пры ўмове карэкцыі крамлёўскіх амбіцый па маштабах сваіх рэгіянальных уплываў.
Адназначная стаўка на Кітай, не чакаючы паслаблення ўплыву Расіі. Выхад магчымы пры ўмове істотнай інтэнсіфікацыі кантактаў між Пекінам ды Мінскам і прапанове важнага для КНР функцыяналу. Контурамі якога могуць быць выхад са спіралі канфліктаў з суседзямі й зразумелае месца ў сістэме транзіту тавараў, тэхналогій у рэгіёне ды далей. А таксама прэміяльнымі ўмовамі ўваходу кітайскага капіталу.
Негатыўныя вынікі
Пазітыўныя вынікі
Ключавы рызык такога сцэнара – рэзкае абвастрэнне супрацьстаяння ЗША й Кітаю, пачатак гандлёвых войнаў. Магчымы выхад з гэтага сцэнара (геапалітычны разварот) магчымы, але, улічваючы уваход КНР праз сваю тэхналагічную базу, будзе займаць не менш за 4-5 год.
Сцэнарый магчымы як пры змене ўлады (пераварот эліт, кампраміс з апазіцыяй), так і пры ўмове захавання сістэмы ці мяккага транзіту ўлады й трансфармацыі механізмаў кіравання краінаю.
Беларусь змяншае уплыў РФ, магчыма, праз баланс уплываў ЕС (ЗША) — Турэччына — КНР. Расія застаецца ў схеме дамоўленасцяў, але яе ўплыў паступова зніжаецца. Як і ў фармаце «кітайскага алгарытму», пачатак рэалізацыі сцэнара патрабуе ад беларускіх уладаў якаснай знешнепалітычнай камунікацыі з ключавымі актарамі – РФ, КНР, ЗША, Турэччына:
Другой умовай існавання такой мадэлі ёсць, як ні парадаксальна, вайсковы патэнцыял. Пытанне не ў колькасці арміі, а ў адсотку ВУП, які скіроўваецца на вайсковую прамысловасць, моцныя спецслужбы і наяўнасць уласных (!) сродкаў паражэння тэрыторыі суседзяў.
Фактычна гаворка йдзе пра «фінляндызацыю» Беларусі па выніках вайны ва Украіне.
Гэты канцэпт можа быць прыняты (пры ўмове прапановы беларускімі актарамі) як рэальны й рацыянальны на фоне адсутнасці алгарытмаў вырашэння «беларускай праблемы».
Фармат немагчымы пры захаванні існай сыстэмы ўлады (і персаналій) у Беларусі. Але не прадбачыць гвалтоўных метадаў яе змены. Гэта азначае, магчымы нават ва ўмовах мяккага транзіту.
Беларусь – частка еўраатлантычнай супольнасці (сяброўства ў NATO, курс на ўступленне ў ЕС). На дадзеным этапе мала верагодны сцэнар, зважаючы на тое, што:
а) ён немагчымы пры існай сістэме і мяккіх варыянтах яе змены (транзыт, кампраміс);
б) нават пры фармальнай змене сістэмы, стабілізацыя сітуацыі ў краіне можа заняць не меней 2 электаральных цыклаў. На працягу якіх Беларусі НЕ БУДЗЕ прапанавана ні дарожнай карты на ўступленне ў ЕС, ні дарожнай карты на атрыманне прынамсі ПДС NATO.
Пры гэтым такая дэкларацыя аўтаматычна ставіць «на паўзу» адносіны з КНР, выводзіць адносіны з РФ у стан канфрантацыі (з рызыкай умяшальніцтва ў палітычныя працэсы).
Сцэнар магчымы як перспектыва, ён мае прапаноўвацца грамадству, але шлях да яго ў любым выпадку праходзіць праз этапы альбо «маленькага сябра КНР», альбо гульні на балансе інтарэсаў.
«Пятая рэспубліка» — гэта дыскусійна-аналітычны праект, які рэалізуецца «Офісам па адукацыі для Новай Беларусі» ў партнёрстве з ютуб-каналам «Маланка» і анлайн-выданнем Reform.by