Слынны Палац Горватаў у Нароўлі хутка займее новы дах. Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў бізнесмен, саўладальнік сядзібы Пётр Кузняцоў. У снежні на помніку архітэктуры ўдалося стварыць дахавае лачанне па абедзьвух баках, зараз высілкі каманды, якая працуе над кансервацыяй і рэканструкцыяй будынку, скіраваны на тое, каб да наступлення Новага году дах Палац быў цалкам закрыты. Таксама ў планах — і металічнае пакрыццё страхі. Але гэтыя працы адбудуцца ўжо ў студзені 2025 года.
Нагадаем, што сёлета ўвесну Пётр Кузняцоў, нягледзячы на розныя чуткі на конт лёсу сядзібы, атрымаў ад Нараўлянскага райвыканкама дазвол на будаўнічыя працы на аб’екце. Гэта навіна моцна ўзрадавала каманду і яна ўзялася за рамонт кроўлі. Але завершыць хутка працы не ўдалося, бо «ўсё аказалася не так проста».
«Гады стаяння пад адкрытым небам прывялі да таго, што да дзевяці шэрагаў цэглянай кладкі ўверсе па перыметру проста рассыпаліся», — падзяліўся праблемай бізнесмен.
Але будаўнікі далі рады з кладкай за лета.
«За апошні час мы стварылі дахавае лачанне па абедзьвух баках Палацу, — зрабіў своеасаблівую справаздачу за год Пётр Кузняцоў. — Але была новая цяжкасць — вельмі доўга не атрымлівалася знайсці падыходзячы па характарыстыках кран для таго, каб падняць самыя вялікія фермы на цэнтральную частку і нарэшце канструкцыі злучыць».
У снежні рупліцам удалося, нарэшце, падняць усе фермы на дах будынка. Каманда ўжо набыла метал і чакае добрага надвор’я, каб завяршыць будаўнічы сезон.
Пётр Кузнецоў падкрэслівае, што надзвычай рады таму, што справа па аднаўленні Палаца Горватаў не спыняецца.
«Калісьці мы арганізуем выставу — як было і як стала. Крок за крокам», — піша саўладальнік помніка архітэктуры і дзеліцца свежымі фота «памаладзеўшай» сядзібы.
Нагадаем, што палац Горватаў быў выкуплены ў 2020 годзе ТАА «Над Прыпяццю», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Андрэй Горват, Аляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў. За пакупку палацава-паркавага ансамбля з аварыйным двухпавярховым будынкам палаца плошчай 1,5 тыс. кв. метраў з участкам больш за гектар (ён выдзелены ў арэнду на 50 гадоў) аднадумцы заплацілі 53 357 рублёў на электронным аўкцыёне. Пасля ад’езду Андрэя Горвата за мяжу з’явіліся плёткі, што ўсе працы на аб’екце спынены. Аднак Пётр Кузняцоў у 2023 годзе адпрэчыў гэту інфармацыю.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram