У Познані ў галерэі Duża Scena UAP адкрылася выстава, назва якой і ў польскага, і ў беларускага гледача выклікае падобныя асацыяцыі. Белавежская пушча — у інтэрпрэтацыі куратаркі Вольгі Архіпавай — унікальнае месца, якое захоўвае свае асаблівасці, але пры гэтым належыць некалькім дзяржавам.
Праз гэты экарэгіён, пад умоўнай назвай «сармацкі змяшаны лес», праходзіць мяжа паміж Польшчай і Беларуссю. Мяжа, якая не падзяляе экасістэму ўнікальнага рэліктавага лесу, але размяжоўвае сістэмы палітычныя.
Аднак праз стагоддзі шмат культурных, палітычных і сацыяльных тэмаў былі агульнымі для мастакоў Беларусі і Польшчы.
«На працягу часоў межы мяняюцца, але феномен культуры «межаў» не ведае. Культура і мастацтва здольныя разбураць межы, не парушаючы іх», — мяркуе куратарка выставы Вольга Архіпава.
Пацікавіліся ў яе пра галоўныя канцэпты выставы «Белавежская пушча»…
— Як адбіраліся творы на гэтую выставу?
— Быў абвешчаны конкурс праектаў. І вельмі актыўна падаліся студэнты познаньскага Мастацкага ўніверсітэта імя Магдалены Абакановіч, сярод іх, дарэчы, палова палякаў і адзін ці два ўкраінскія мастакі. Астатнія — беларусы. Сярод польскіх аўтараў былі тыя, хто мае карані з пушчанскага рэгіёна, аднак частка зацікавілася тэмай беларуска-польскай мяжы. Відаць, натхняліся фільмам Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа».
Для многіх студэнтаў гэта была іх першая прафесійная выстава.
— Чаму на афішы выставы размешчаны ранены зубр? Гэта адсылкі да паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага? Якія асноўныя лініі тваёй экспазіцыі, вакол якіх яна гуртавалася?
— Белавежская пушча — яркі сімвал беларуска-польскіх узаемаадносін у культуры. Нас лучаць такія імёны, як Мікола Гусоўскі, Адам Міцкевіч, Напалеон Орда… У гэтым годзе мы адзначаем 500-годзе «Песні пра зубра» — паэтычны расповед пра асаблівасці нашага краю.
Для мяне пушча толькі ўмоўна падзеленая мяжой. Насамрэч паабапал яе гэты рэгіён даволі аднародны.
Таму тэма мяжы — адзін з галоўных лейтматываў выставы. Мы змяшчаем відэа перформансаў, якія рабіліся ў пушчы. Гэта сюжэты з сірыйскімі мігрантамі, і такі твор — дакладна не адзін.
Таксама ёсць работы, прысвечаныя народнай традыцыі і матэрыяльнай культуры.
Напрыклад, паказваем анімацыйны фільм з народным дыванком.
Многія аўтары вырашалі экалагічную тэму. Праект Марыі Кшэсляк-Кандзёры «Быць можа гэта мова лесу», прысвечаны рэдкім мхам. Мастачка запісала гукавы файл да гэтых здымкаў, які мае назву «Па-свойму», то-бок аўтарка выдзяляе асобную мову, якая існуе на гэтай мяжы, на перасячэнні беларускіх і польскіх гаворак.
Драматычна вырашаны твор Ташы Кацубы «Ліст да Дзеда Мароза» з просьбай перастаць забіваць зуброў дзеля кілбасы.
Яшчэ адна цікавая тэма, звязаная з падзелам СССР, які адбыўся якраз у Белавежскай пушчы.
Зубр, які быў выбраны для афішы, гэта твор беларускага студэнта Альгерда Міхаловіча «Нязломнасць»..
-Ты назвала імёны Гусоўскага, Міцкевіча і Орды… Гэтыя аўтары ўвайшлі ў твой куратарскі канцэпт, але ці прагучалі на выставе?
— Я сама зрабіла калаж з ілюстрацыяй Яўгена Куліка на «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага і выявай вярблюда-страуса з пушчы Заўрыдзіі на Месяцы Язэпа Драздовіча. Ва ўяўленні беларусаў і палякаў лес і пушча павінны існаваць у кожным светапоглядзе, нават калі гэта датычыцца жыцця на Месяцы. Там таксама ёсць пушча Заўрыдзія і ўсялякія ўнікальныя жывёлкі.
Ну і галоўнае, не варта забываць, што і ў беларусаў, і ў палякаў ёсць тыя, хто мае асаблівы светапогляд людзей лесу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram