«Я ўраджэнец транзітнай краіны»: гурт Leibonik выдаў «эмігранцкі» альбом, які кранае да слёз

Беларускі гурт Leibonik сёння выклаў у сеціва новы альбом — «Там». Зборнік, у які ўваходзяць дзесяць песень, распавядае пра эмігранцкае жыццё — падчас праслухоўвання можна і пасмяяцца, і без сораму заплакаць.

«Частку тэкстаў я напісаў цягам апошніх двух гадоў дома, астатнія – на востраве Fanø ў Паўночным моры ў траўні 2023, — распавёў пра плытку лідар калектыву Сяргей Башлыкевіч. — Песні пачыналіся як мінімалістычныя тэкставыя рэпчыкі пад бясплатныя хіп-хап біты і захавалі ў сабе часткова структуры і мелодыі з тых бітоў. У пэўны момант я зразумеў, што змагу перадаць больш асабістага, менавіта калі гэта будзе гучаць у фармаце «Лейбоніка».

І вось я тут, як вялікая панда. Як слімак. Як грамадзянін.

Але не тут.

Там».

Плытка атрымалася вельмі шчырай і «адвязнай», у ёй шмат гумару, цікавых вынаходак. Але пра гэтым яна поўная невыноснай тугі па радзіме, яна поўная болю за ўсё, што адбываецца ў Беларусі, ва Украіне, і самае важнае, што яна поўная святла, нягледзячы на ўсё пакуты, што церпяць зараз суайчыннікі як у краіне, так і за яе межамі.

«Я вельмі ўдзячны кожнаму чалавеку, які спрычыніўся да музыкі, запісу, вокладкі і маральнай ды інтэлектуальнай падтрымкі мяне. Не пішу тут імёны, бо не ўсе хочуць свяціцца», — падзякаваў за дапамогу музыка.

Гэтаксама Сяргей анансуе некалькі будучых канцэртаў.

Сёння ў сеціве адкрыты краўдфандынг у падтрымку альбома —  да яго можа далучыцца кожны ахвотны.

Слухаць зборнік можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!