Загад аб прызначэнні Яўгена Карняга на пасаду галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра ўступіў у сілу з 1 сакавіка 2024 года, паведамляецца ў сацсетках установы. Рэжысёр прыйшоў на месца свайго майстра — слыннага пастаноўшчыка-лялечніка Аляксея Ляляўскага, з якім у мінулым годзе не працягнуў кантракт мінкульт. Прызначэнне ўспрымаецца ў тэатральных колах дваіста: з аднаго боку, як здрада, з іншага — як магчымасць захаваць тэатр, які за мінулы год страціў не толькі таленавітага кіраўніка, але выбітных артыстаў і работнікаў.
Хто такі Яўген Карняг?
Яўген Карняг вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на курсе ў майстра Аляксея Ляляўскага. Менавіта тады яго дыпломны спектакль «НеТанцы» 2007 года, у якім іграла, у тым ліку, Наталля Эйсмант пад псеўданімам Наталля Кірсанава, прымусіў звярнуць на сябе ўвагу тэатральнай супольнасці. Але справа не ў Эйсмант, якая вучылася ў той жа Акадэміі мастацтваў, а ў пластычным тэатры Карняга, які прымусіў пра сябе гаварыць.
Далей — рэжысёр, стварыўшы ўласны KorniagTHEATRE ў 2010-м, робіць шэраг знакавых пастановак, якія заваёўваюць увагу публікі і прызнанне крытыкаў. Гаворка — пра спектаклі «Латэнтныя мужчыны», «Бетон», «Сёстры Грайі», рэалізаваныя ў Беларусі; як запрошаны пастаноўшчык Яўген ставіць на сцэнах тэатраў у Боне (Германія), Таліне (Эстонія). У 2019-м ужо як запрошаны рэжысёр разам са сваёй камандай аднадумцаў — кампазітаркай Кацярынай Аверкавай і мастачкай Таццянай Нерсісян прадстаўляе на сцэне Рэспубліканскага тэатра драматургіі «песнь у адной дзеі» — «Шлюб з ветрам». Пастаноўка збірае аншлагі і па сёння.
Калі Карняг трапіў у сталічны тэатр лялек і што там адбылося?
Супрацоўніцтва з Беларускім тэатрам лялек Яўген Карняг распачаў у 2015 годзе з пастаноўкі спектакля «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі». У 2021-м з’яўляюцца «Запіскі юнага доктара» паводле Міхаіла Булгакава — і гэта яшчэ адзін «хіт», на які з цяжкасцю можна набыць квіток; людзі на яго ў касе выстройваюцца ў чэргі. У 2022 годзе Яўген Карняг быў афіцыйна залічаны ў штат тэатра, да яго нашумелых папярэдніх пастановак на сцэне дадаюцца спектаклі для дзяцей «Прададзены смех», «Разумная сабачка Соня».
Калі яшчэ ў 2021 годзе і пачатку 2022-га ў тэатры лялек у Мінску панавала адносна здаровая атмасфера, то ўсё значна мяняецца ў снежні 2022 года — у гэты час на месца легендарнага дырэктара тэатра Яўгена Клімакова, які некалькі дзесяцігоддзяў апекаваў калектыў і спрыяў яго развіццю, улады зацвердзілі былога кіраўніка Палаца дзяцей і моладзі «Золак» Дзмітрыя Сямёнава. З прыходам гэтага адмыслоўца ў тэатры пачынаюцца кадравыя страты: «прыбіраюць» мастака-пастаноўшчыка Людмілу Скітовіч, далей, не вытрымаўшы ціску ў 2023 годзе, з установы сыходзіць вядучая актрыса тэатра Святлана Цімохіна. Улетку ужо з пасады галоўнага рэжысёра знімаюць вышэйзгаданага майстра, культавага рэжысёра і педагога Аляксея Ляляўскага, увосень сыходзяць іншыя выдатныя акцёры, адмыслоўцы – усё гэта разам ставіць пытанне аб далейшым лёсе тэатра, які можа «рассыпацца» на вачах.
У такім кантэксце прызначэнне Яўгена Карняга на пасаду галоўнага рэжысёра выглядае для артыстаў тэатра як паратунак. Але гэта не адмяняе і, уласна, амбіцый Карняга, і таго, што яму прыйдзецца, улічваючы сітуацыю ў Беларусі, ісці ў далейшым на кампрамісы. І ці ўдасца захаваць тэатр — пакажа час.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram