Сёння адкрываецца Канскі кінафестываль, і падобна на тое, што іранскаму кінематаграфісту-дысідэнту Махамаду Русулафу (Mohammad Rasoulof) удасца прысутнічаць на прэм’еры сваёй карціны «Семя святога інжыра», адабранай у асноўны конкурс форуму. Пасля таго, як за фільмы «супраць бяспекі краіны» Ісламскі рэвалюцыйны суд прысудзіў рэжысёру восем гадоў зняволення, лупцоўку, штраф і канфіскацыю маёмасці, Махамад вырашыў пакінуць сваю краіну. «З сённяшняга дня я рэзідэнт культурнага Ірана», — напісаў ён у сваіх сацсетках.
У сваім Instagram Махамад Русулаф паведаміў, што «дзякуючы сваім сябрам, знаёмым і добрым людзям» ён зараз знаходзіцца ў бяспечным месцы. Рэжысёр пакідаў краіну без пашпарта — бо той быў забраны ўладамі яшчэ некаторы час таму.
«Калі вы думаеце, што межы Ірана ў вашых руках, вы ў шчаслівым сне, — напісаў кінематаграфіст. — Калі тэрытарыяльны Іран пакутуе пад ботамі вашай рэлігійнай тыраніі, культурны Іран жывы ў агульных розумах мільёнаў іранцаў, якія былі вымушаныя пакінуць Іран з-за вашай жорсткасці, і ніякая ўлада не можа навязаць яму сваю волю. З сённяшняга дня я — рэзідэнт культурнага Ірана. Зямля без межаў, пабудаваная мільёнамі іранцаў са старажытнай гісторыяй і культурай ва ўсіх кутках свету. І яны з нецярпеннем чакаюць, каб пахаваць вас і вашу сістэму прыгнёту ў глыбіні гісторыі. Тады, як Кафнус, новае жыццё пачнецца з гэтай глебы.
Аповед пра тое, што я перажыў на гэтым шляху, пакіну на лепшы час…», — зазначыў рэжысёр.
Махамад Русулаф зараз плануе засяродзіцца на тэхнічных момантах постпрадакшану сваёй карціны «Семя святога інжыру», якую пакажуць у Канах.
Лаўрэат міжнародных кінафестываляў, іранскі рэжысёр, сцэнарыст і прадусар ужо шмат гадоў церпіць рэпрэсіі на радзіме за творчую дзейнасць.
У 2017 годзе яго фільм «Непадкупны» стаў пераможцам у праграме «Асаблівы погляд» Канскага фестывалю. Пасля вяртання з форуму ўлады Ірана забралі ў рэжысёра пашпарт і забаранілі весці здымкі.
У 2019-м і 2020-м яму двойчы прызначылі па годзе турмы па абвінавачаннях у распаўсюджанні прапаганды супраць дзяржаўнай сістэмы, ды таксама на два гады забаранялі пакідаць Іран і весці здымкі. Сваю карціну «Зла не існуе», якая ў 2020 годзе атрымала «Залатога мядзведзя» на Берлінале, ён здымаў таемна. З прычыны забароны пакідаць краіну рэжысёр не здолеў атрымаць прыз у Берліне — яго забралі яго дочкі.
Гэтаксама Расулаф з-за рэпрэсій не змог прысутнічаць на Канскім фестывалі ў 2023 годзе, куды яго запрасілі ў якасці журы секцыі «Асаблівы погляд». Кінематаграфісту забаранілі выезд з краіны пасля яго слоў асуджэння гвалтоўнага падаўлення пратэстаў у Абадане.
На гэту тэму, па папярэдніх даных, і будзе новая стужка рэжысёра «Семя святога інжыру».
Гэты фільм творца таксама здымаў таемна, і з’яўленне карціны ў конкурсе Кан моцна раззлавала ўлады Ірана, якія пачалі ціснуць на здымачную каманду і кінематаграфіста, каб той зняў кіно з фестывалю. Але ён адмовіўся гэта зрабіць.
У 2022-2023 гадах Іран захліснула серыя пратэстаў, падставай да якіх стала смерць 22-гадовай Махсы Аміні — дзяўчыну затрымала паліцыя нораваў за «няправільнае» нашэнне хіджабу; Махса была моцна збітая і памерла ў шпіталі. Карціна іранскага кінематаграфіста распавядае пра суддзю Рэвалюцыйнага суда ў Тэгеране, які разбіраецца ў наступствах агульнанацыянальных пратэстаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram