Гурт Syndrom Samazvanca анансаваў выхад альбома кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х. Плытка мае назву «Радыё Няміга»

Сёння музыкі беларускага гурта Syndrom Samazvanca назвалі дату выхаду іх новага альбома RADYJO NIAMIHA. Зборнік кавераў на песні беларускай рок-сцэны канца ХХ стагоддзя стане даступным у сеціве 6 кастрычніка, але ўжо цяпер на Bandcamp можна зрабіць перадзаказ лічбавай плыткі.

Пра гісторыю стварэння новага альбома музыкі калектыву распавялі ў сацсетках.

«Недзе год таму мы пайшлі на Студыю 42 у Менску, каб запісаць свае версіі песень беларускай рок-сцэны канца XX стагоддзя. Адцягваць не было куды, бо Уладзю Лянкевічу (салісту і гітарысту гурта — Reform.by) трэба было класціся ў лякарню. Рабілі ўсё хутка ды спантанна. Пакуль наладжвалі гук, памянялі ў адным месцы басовую партыю, пісалі пачкам бас, гітару, барабаны.

Наогул пераасэнсаваць трэкі 1990-х нас прымусіў гурт Relikt — Belarus, які ў 2022 годзе выпусціў альбом «Былі. Ёсць. Будзем», — прызнаюцца музыканты. — Уладзь хадзіў і енчыў, маўляў, чаму яны пераспявалі тую песню, а не тую, а чаму так, а яшчэ ж вось такое ёсць і гэтак далей. Цярпець ныццё было немагчыма, і ў выніку Самазванцы пастанавілі зрабіць уласныя каверы на легендарныя гурты.

Нябачным, прывідным натхняльнікам таксама стаў Viktar Siamaška, які пастаянна публікуе хронікі мінулых часоў. Яму ж дзякуй за адну падказку, якая дапамагла вызначыцца з назвай рэлізу.

Легендам дзякуй за музыку і словы», — адзначыла каманда.

Гурт Syndrom Samazvanca. Фота: Сярж Мядзведзеў.

У выніку на альбоме сем пераасэнсаваных песень беларускіх рок-гуртоў 1990-х: «Сон у трамваі», «Залатыя краты», «Неба мяняе колер» гурта «Новае неба», «Шэф у гістэрыцы» — «Правакацыі», «Ла-ла-ла-ла» — N.R.M, «Ночы» — «Палац» і «Іржавыя дні» — гурта ULIS.

Калі зрабіць перадзаказ плыткі, у момант выхаду альбома пакупнікі атрымаюць неабмежаваную трансляцыю праз праграму Bandcamp, а таксама высакаякасную загрузку ў MP3, FLAC і іншых фарматах, абяцаюць Самазванцы.

Syndrom Samazvanca — гурт, які стварае музыку на стыку псіхадэл-року, панку і нью крафтроку. У складзе праекта: Уладзь Лянкевіч, Раман Жарабцоў, Аляксей Земляны і Ціхан Золатаў. На пачатку гэтага года каманда выдала экзістэнцыяльны альбом «Востраў скаргаў», які па-ранейшаму знаходзіцца ў дзясятцы найлепшых альбомаў года.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!