5 студзеня 2024 года грамадская арганізацыя «Беларускі фонд культуры» афіцыйна спыняе сваю дзейнасць. Такое рашэнне было прынята на агульным сходзе інстытуцыі, які адбыўся ў Мінску, паведамляе Радыё «Рацыя».
Фонд закрываецца з-за фінансавых праблемаў, а гэтаксама меліся і іншыя прычыны, якія не агучваюцца.
Беларускі фонд культуры (БФК) быў заснаваны ў 1987 годзе з мэтай падтрымкі развіцця беларускай культуры. Першым старшынём арганізацыі быў народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў (да 1996 года). Другі старшыня — Уладзімір Гілеп (з 1996 па сакавік 2018 года). На момант ліквідацыі пасаду займаў Тадэвуш Стружэцкі.
БФК ажыццяўляў доўгатэрміновую праграму «Спадчына», скіраваную на падтрымку высілкаў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтаксама ў даробку Беларускага фонду культуры праграмы: «Вяртанне і захаванне нацыянальных культурных каштоўнасцей», «Адраджэнне нацыянальнай культуры малых гарадоў і мястэчак», «Славутыя імёны Айчыны». З 2003 года арганізацыя выдавала штотыднёвік «Краязнаўчая газета».
Сітуацыю з недахопам фінансавання БФК агучваў яшчэ ў 2021 годзе. «Краязнаўчая газета» канстатавала зніжэнне колькасці падпісчыкаў, нястачу сродкаў і кадраў, але потым выданне аднавіла выпуск. Сёлета выйшла тры здвоеных нумары газеты.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram