Год таму ў зняволенні памёр мастак Алесь Пушкін

Мастак Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі гродзенскай бальніцы, куды яго прывезлі з турмы. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу. На аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Адной з падставаў узбуджэння крымінальнай справы супраць мастака стаў партрэт 2014 года дзеяча пасляваеннага беларускага супраціву Яўгена Жыхара, які экспанаваўся на выставе ў Гродне.

Алесь Пушкін. Партрэт Яўгена Жыхара з серыі «Беларускі Рэзыстанс», 2014, алей, палатно, дрэва, патроны, кветкі. Фота: Архіў Пушкіна.

У абвінавачанні гучала, што мастак характарызаваў Жыхара як «чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні».

Алесь Пушкін быў шматграннай асобай: жывапісцам, графікам, перформерам, рэстаўратарам, ён браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага Адраджэння.

Алесь Пушкін. «З мінулага». 1989. Палатно, кроў аўтара, 200х100 см. Фота: Архіў Пушкіна.

Сярод яго знакавых твораў, што ўвойдуць у гісторыю беларускага мастацтва: палатно, напісанае крывёй аўтара, «З мінулага» 1989 года, якое апісвае легенду пра паходжанне бел-чырвона-белага сцяга; першая публічная акцыя на Дзень Волі ў найноўшай гісторыі Беларусі, здзейсненая ў 1989 годзе; перформанс «Падарунак прэзідэнту» 1999 года, падчас якога творца ўсадзіў вілы ў партрэт Лукашэнкі; жывапісная серыя «Беларускі Рэзыстанс».

Алесь Пушкін. «Карціна свабоды». Фота: Reform.news.

Нягледзячы на тое, што мастак стварыў шмат жывапісных і графічных твораў (выстава апошніх малюнкаў мастака адкрыецца сёння ў віленскай прасторы «Кропка»), па прыродзе сваёй адоранасці ён быў перформерам. Пушкін з тых яркіх аўтараў, пра якіх кажуць, што яны сваё жыццё ператварылі ў перформанс. Напрыклад, штогод на 25 сакавіка мастак ладзіў сімвалічную дзею ў цэнтры роднага мястэчка Бобр: усталёўваў на мальберт палатно і замешваў фарбы на палітры, светлыя, калі год быў харошы, ці цёмныя, калі год быў нядобры, і пісаў карціну ў прысутнасці рэдкіх гледачоў. І гэта адбывалася на працягу больш чым 25 гадоў. Мастак абяцаў скончыць свой твор, калі Беларусь будзе вольнай.

Гэтая «Карціна свабоды» так і засталася незавершанай і цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!