Ілюстраваны збор вершаў «Побач» паэткі Насты Кудасавай і мастачкі Святланы Дземідовіч будзе прэзентаваны заўтра, 24 красавіка, у Варшаве ў Старамесцкім Доме культуры.
«Побач» — гэта першая кніга новага беларускага імпрынта Skarynyčy ў Польшчы. Выданне доўга чакалі, і, нарэшце, праца аўтарак атрымала ўвасабленне ў выглядзе прыгожага паэтычнага зборніка, аздобленага чорна-белымі графічнымі выявамі.
«Кніга «Побач» — гэта ілюстраваны збор вершаў, які распавядае пра адзіноту і надзею, пра пошук сябе і радзімы ў шалёных варунках рэчаіснасці, — так гучыць анатацыя да выдання. — Нітуючы асабістае і гістарычнае, моўнае і візуальнае, зборнік паказвае шматаблічны свет растрывожанага сучаснасцю чалавека: ад роспачы і зняверанасці да захаплення жыцццём. Гэта кніга цяпла і памяці, кніга дарогі і станаўлення. Застацца «побач» на гэтым шляху — значыць захаваць чуласць, не згубіць у полі зроку іншага чалавека, не адвярнуцца адно ад аднаго», — адзначаецца ў апісанні.
Падчас прэзентацыі зборніка і сустрэчы з аўтаркамі можна будзе купіць і падпісаць кніжку, паслухаць вершы Насты Кудасавай, «пагаварыць, абняцца, пабыць побач», — запрашаюць на імпрэзу творцы.
Час сустрэчы — 24 красавіка, 18.00. Месца — Варшава, Старамесцкі Дом культуры (Rynek Starego Miasta, 2).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram