Два гады таму Ганна Шаркунова пабачыла ў стужцы ФБ ліст Максіма Знака з турмы.
«Там ён прасіў каго-небудзь з музыкантаў скласцi мелодыю на яго вершы. У тую ж хвіліну яна і загучала ў маёй галаве», — піша спявачка ў апісанні кліпа.
«З таго часу прайшло шмат падзей… але ўсе гэтыя месяцы я насіла гэтую мелодыю ўнутры, спявала яе… і ведала, што абавязкова зраблю з яе песню».
У кліпе зняліся маленькія беларусы з розных краін. Бацькі адмыслова дасылалі відэа сваіх дзетак.
«Тэма дзяцей баліць мне асабліва, — тлумачыць спявачка. — Дзяцей, якія чакаюць бацькоў з турмаў… Тысяч і тысяч дзяцей, змушаных пакінуць Радзіму разам з бацькамі — у невядомасць… Цэлае пакаленне дзяцей, якіх Беларусь можа страціць… або ўжо страціла назаўжды…»
Агульны пасыл кліпа аптымістычны: «Але мы будзем працягваць кахаць і радавацца, мы будзем убіраць у сябе ўсё лепшае з гэтага вялізнага і яскравага свету. Мы будзем працягваць жыць для нашых дзяцей!.. І абавязкова захаваем у іх сэрцы часцінку Беларусі… Каб аднойчы вярнуцца разам з імі дадому.
Гэтая дарога можа быць доўгай і цяжкай. Яна можа заняць усё жыццё. Але вельмі хочацца сустракаць па дарозе добрыя Знакі. Знакі надзеі, што ўсё абавязкова будзе добра», — абяцае Ганна.
Музыка: Ганна Шаркунова
Словы: Максiм Знак
Знакi
Колькі незнаёмых
І неверагодных
Сёлета ўбачыў упершыню…
Новых маіх родных
Некалькі мільёнаў…
Сёлета я знайшоў сваю сям’ю…
Станавіся побач і спявай, каб пачуў
Неверагодны край.
Позіркам сустрэцца
І адчуць, як сэрца
Абдымае сонечны прамень.
Проста быць сабою,
Проста жыць з любоўю,
Проста быць і ведаць:
Будзе дзень!
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram