Сёння, 26 верасня, на канале 1142Х адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма «Лес», заснаванага на сведчаннях ахвяр сталінскіх рэпрэсій, звестках сведкаў растрэлаў, якія запісаў дысідэнт Яўген Ткач у сваёй кнізе «Через ХХ век, или Отторжение». Выкарыстоўваючы розныя тэхнікі і стылі аповеду — пастановачную частку, анімацыйныя элементы, дакументальную — меркаванні гісторыкаў і ўспаміны беларусаў, што перадаваліся ў сем’ях, ад чалавека — да чалавека, — у карціне разварочваецца трагічная гісторыя беларусаў, праўда аб гвалтоўнай смерці якіх у 1930-я замоўчваецца і да гэтай пары.
У фільме, рэжысёрам якога выступіла Марыя Булавінская, у пастановачнай яго частцы сыгралі акторы-купалаўцы — Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская, Мікіта Хвалюк.
Дакументальны фільм «Лес» паказвае некалькі рэальных гісторый 1930-х гадоў пра сталінскія рэпрэсіі. Адна з іх пра гомельскага чыноўніка, які выжыў пасля расстрэлу ў сумнавядомым Навабеліцкім лесе пад Гомелем.
Згодна з археалагічнымі раскопкамі 1995 года, у гэтым лесе ў 1930-я НКВД расстрэльваў савецкіх грамадзянаў.
У 2021 годзе 52-гі пошукавы батальён МА РБ пачаў раскопкі ў гэтым масіве. Паводле афіцыйнай версіі, у лесе знаходзяцца парэшткі ахвяраў нацыстаў. Генеральны пракурор Беларусі А. Швед заявіў, што ў лесе можа спачываць ад некалькіх дзясяткаў тысяч да ста тысяч мірных грамадзянаў.
У дакументальным фільме выкарыстаныя архіўныя відэа і аўдыя, у якіх сведкі распавядаюць пра падзеі 1930-х гадоў.
Прэм’ера дакументальнай карціны адбудзецца сёння па гэтай спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram