У Кіеве завяршыўся «Форум Астрожскіх», дзе беларускія і ўкраінскія эксперты, палітыкі і медыя абмяркоўвалі шляхі вырашэння ключавых праблем у двухбаковых стасунках. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў Reform.news пра працу Офіса на ўкраінскім накірунку, перашкоды ў супрацоўніцтве, і чаму Лукашэнка хоча апынуцца за сталом мірных перамоваў.
Форум Астрожскіх Франак Вячорка называе месцам сінхранізацыі поглядаў і фіксацыі праблем для іх рашэння.
— Добра, што на форуме прысутнічалі народныя дэпутаты, медыя, прадстаўнікі міжнароднай супольнасці. Адзначу пазіцыю Кізіма: ён падкрэсліў, што Лукашэнка — гэта мінулае, што Беларусь павінна вызваліцца ад яго ўплыву, і заявіў аб прынцыповай падтрымцы дэмакратычных сілаў. Гэта моцны сігнал, які два-тры гады таму мы б не пачулі.
Але праблемы застаюцца, дапаўняе Франак.
— Напрыклад, украінскія медыя амаль заўсёды згадваюць Беларусь праз прызму Лукашэнкі: «не дапусціў уцягнанне Беларусі ў вайну», «ціха падтрымалівае Украіну», і гэтак далей. Гэта стварае ілюзію, што з ім можна мець справу. У выніку Беларусь асацыюецца толькі з Лукашэнкам, а не з дэмакратычнымі сіламі, валанцёрамі ці журналістамі. Асноўная прычына гэтага — масавая міграцыя беларусаў з Украіны. Нас фізічна стала менш, і мы менш заўважныя. Таму ўкраінцы бачаць толькі Лукашэнку і яго вар’яцкія паводзіны.
На гэтым тыдні прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай сустракаўся з кіраўніком беларускага дэпартамента Міністэрствам замежных спраў Украіны, дарадцам прэзідэнта Міхаілам Падаляком, былым міністрам МЗС Дмітром Кулебам, і іншымі.
— Вядома, Беларусь зараз не ў цэнтры ўвагі. Наша задача — растлумачыць, чаму для Украіны важна мець дэмакратычную і свабодную Беларусь. Адносіны безумоўна лепшыя, чым у 2022 годзе. Мы пачалі з пункту мінус дзесяць, калі ўсіх беларусаў запісалі ў агрэсары. Зараз выйшлі на нуль, і ёсць перспектыва больш фармальнай супрацы.
Франак канстатуе, што захаванне незалежнасці Беларусі — гэта ключавая задача для дэмакратычных сілаў.
— Тут украінскі голас важны, каб Беларусь не стала нейкім «суцяшальным прызам» для Пуціна. Важна, каб украінцы казалі, што расійскія войскі павінны выйсці не толькі з украінскай тэрыторыі, але і з беларускай. Гэта асноўны пасыл.
Што тычыцца далейшай супрацы, Франак адзначае пазітыўныя зрухі, хоць і не ў публічных кантактах. Падчас сустрэч прадстаўнік Офіса Светланы Ціханоўскай перадаў шэраг прапаноў, якія неабходна вырашыць.
— Мы склалі спіс з 20 пунктаў: гэта сацыяльныя гарантыі для дабраахвотнікаў, медыцынская дапамога, канвальвацыя, банкаўскія рахункі для беларусаў, пашпарты замежніка, прызнанне пратэрмінаваных пашпартоў і адукацыі, атрыманай у Беларусі, магчымасць працоўных кантрактаў і падтрымкі бізнесу. Гэта тэхнічныя пытанні, якія вырашаюцца толькі пры змене заканадаўства.
Украіна мае шмат іншых праблем, таму нашы запыты часта адкладаюць убок, тлумачыць Франак Вячорка. Таксама падымаюцца пытанні вызвалення беларусаў — як палонных, так і палітвязняў, асуджаных за падтрымку Украіны.
— Ёсць каля 20 грамадзян Украіны ў беларускіх турмах і сотні беларусаў, асуджаных за салідарнасць з Украінай. Мы хочам, каб украінцы таксама падымалі гэта пытанне і нагадвалі пра яго.
Пасля выбрання Трампа, у медыя часцей пачалі абмякроўвываць патэнцыйныя мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй. Для беларускіх дэмкратычных сілаў важна, каб Беларусь не засталася па-за межамі рамкавых дамоўленасцяў.
— Мы прапанавалі ўключыць беларускі элемент ва «Украінскую формулу міра», гэта тое, як яны бачаць справядлівы мір. Там ёсць пункты аб недапушчэнні эскалацыі, і пункт пра вывад расейскіх войск. Паўсюль ёсць месца для Беларусі. Зафіксаваць Беларусь у гэтым дакуменце было бы ў інтарэсах Украіны.
На сустрэчах з заходнімі партнёрамі — ЗША, ЕС і НАТО — дэмакратычныя сілы тлумачаць, чаму Беларусь важная для рэгіянальнай бяспекі, каб расійскія войскі не стаялі на мяжы і не пагражалі чарговай атакай на Літву ці Польшчу, кажа Вячорка.
— Але сярод заходніх палітыкаў існуе жаданне як мага хутчэй скончыць вайну любой цаной. І гэтай цаной можа стаць Беларусь. Мы не павінны гэтага дапусціць. Суб’ектнасць, якую мы зараз фарміруем на міжнароднай арэне, мае велізарнае значэнне, каб Беларусь не аддалі Пуціну. Міжнародная дзейнасць Офіса Ціханоўскай і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета цяпер як ніколі важная.
Аляксандр Лукашэнка вельмі хоча быць уключаны ў мірныя перамовы на баку Расеі, працягвае дарадца Святланы Ціханоўскай.
— Лукашэнку гэта важна псіхалагічна, у першую чаргу, для самалегітымізацыі. Ён часта згадвае Мінскія перамовы, якія сталі пачаткам другой фазы вайны. Тады ён падаваўся міратворцам, «гаспадаром», нацыянальным лідарам. Але зараз такім яго ўжо ніхто не ўспрымае. Гэта для яго своеасаблівая аўтапсіхатэрапія — адзіны спосаб умацаваць уласную ўпэўненасць і абгрунтаваць сваю пазіцыю.
Акрамя таго, тлумачыць Франак, самаабвешчанаму прэзідэнту важна, каб тэма дзяржаўнага тэрору ў Беларусі не ўздымалася на міжнародным узроўні.
— Некаторым здаецца, што легітымізацыя Лукашэнкі дапаможа вызваліць палітвязняў. Але я ўпэўнены, што будзе наадварот: легітымізацыя Лукашэнкі прывядзе да «туркменізацыі» ці «азербайджанізацыі» Беларусі. Тэрор, які адбываецца цяпер, стане нармальным, увойдзе ў штодзённасць. І мы не можам гэтага дапусціць, бо гэта прывядзе да далейшай дэградацыі.
Хуткае прызначэння прэзідэнцкіх выбараў на 26 студзеня 2025 Франак Вячорка лічыць спробай перагарнуць старонку.
— Лукашэнка разлічвае, што ў кантэксце цяперашняга крызісу і міжнароднай увагі да іншых падзей, як, напрыклад, інаўгурацыя Трампа ці вайна ва Украіне, выбары пройдуць ціха і незаўважна. Для яго важна не столькі зноў абвясціць сябе прэзідэнтам, колькі дэзавуіраваць Ціханоўскую і альтэрнатыўныя сілы, якія беларусы пачынаюць успрымаць як сапраўднае прадстаўніцтва народа.