Фільм беларускага рэжысёра Антона Жука «Усё ў парадку» стаў лаўрэатам Міжнароднага кінафестывалю ў Котбусе

Стужка беларускага рэжысёра Антона Жука «Усё ў парадку» ўзяла ўзнагароду ў конкурсе кароткаметражных фільмаў Котбускага міжнароднага кінафестывалю ў Германіі.

У конкурсе кароткаметражных фільмаў прымалі ўдзел 12 карцін, у тым ліку ўганараваная карціна беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры».

Але журы ў складзе казахскай прадзюсеркі Юліі Кім, прадзюсаркі з Берліна Францыскі Гартнер, патсдамскага акцёра Томаса Дрэхселя выбрала «трылер пра сталенне» Антона Жука.

Журы так абгрунтавала свой выбар: «Гэты фільм добра прадуманы ва ўсіх адносінах. Ён паказвае толькі невялікі момант жыцця, але з такой колькасцю слаёў, якія адкрываюць поле бою чалавечай душы».

«Хутар у правінцыі Беларусі. Узброены самаробнай зброяй хлопчык рэпеціруе воінскія позы. Ці заб’е ён велічную хатнюю свінню? Напружаны трылер, які распавядае ні больш ні менш як аб каранях гвалту», — так гучыць анатацыя да стужкі беларускага кінематаграфіста.

Антон Жук нарадзіўся ў 1999 годзе ў Мінску. У 2020 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысёр кіно і тэлебачання». У цяперашні час з’яўляецца рэжысёрам-фрылансерам, працуе пераважна над рэкламнымі праектамі.

Раней стужка Антона ўдзельнічала ў фестывалі «Бульбамуві».

Гэтаксама ў Котбускім фэсце былі паказаныя працы беларускага аўтара Арцёма Лобача.

МКФ у Котбусе – фестываль усходнееўрапейскага кіно, які дае магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі фільмамі кінематаграфій розных рэгіёнаў. У ім у папярэднія гады прымалі ўдзел працы: Улады СяньковайМітрыя Сямёнава-АлейнікаваАндрэя КудзіненкіДар’і ЮркевічМікіты ЛаўрэцкагаДзмітрыя Махамета, Максіма Шведа ды іншых беларускіх аўтараў. Сёлета фестываль ладзіцца з 7 па 12 лістапада.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.