З дапамогай меркаванняў наведвальнікаў і гледачоў фэсту каманда Фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA плануе даведацца, што і як можна дапрацаваць, каб мерапрыемствы сталі больш яскравымі, а ўмовы правядзення — больш камфортнымі.
Калі вы былі на імпрэзах фэсту афлайн альбо глядзелі іх анлайн і гатовыя выказаць сваё меркаванне, PRADMOVA запрашае вас паразмаўляць з сябрамі каманды. Размова будзе праводзіцца індывідуальна анлайн і зойме прыкладна гадзіну.
Каб паўдзельнічаць у інтэрв’ю, просяць да 15 траўня запоўніць форму.
Фестываль з’яўляецца своеасаблівай «прадмовай» да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі: уводзінамі ў гэтую тэму і месцам сустрэчы з яе стваральнікамі і іх працай. Інтэлектуальную кнігу ініцыятары фестывалю разумеюць дастаткова шырока: гэта літаратура non-fiction, інтэлектуальная мастацкая проза, эсэістыка, філасофская і грамадская веда, навукова-папулярная літаратура, пераклады замежнай літаратуры. Асноўная яе адметнасць – гэта беларускае паходжанне аўтараў кнігі ці факт яе вытворчасці беларускімі выдавецтвамі.
Фестываль не толькі знаёміць публіку з наробкамі беларускага кнігавыдання за апошнія гады, але і спрабуе зрабіць дыягностыку актуальнага стану кніжнага рынку ў Беларусі, даць прагнозы і прасачыць тэндэнцыі развіцця.
На фестывалі ёсць месца і спецыяльна запрошаным гасцям: замежным інтэлектуалам і міжнародным выдавецтвам, што прэзентуюць сучасную якасную кнігу на нацыянальных мовах.
З 2022 года Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA праводзіцца па-за межамі Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram