29-ты фестываль беларускай паэзіі і аўтарскай песні «Бардаўская восень» пройдзе сёлета з 25 па 27 кастрычніка ў Бельску Падляскім, Гайнаўцы і Беластоку. Праз фінансавыя абмежаванні арганізатары фэсту — фонд TUTAKA — у новай эдыцыі планавалі сканцэнтраваць свае сілы ў адным месцы, але «любая добрая падзея цягне за сабой яшчэ адну» — у выніку «Бардаўская восень» пашырылася на тры гарады.
Цяпер мапа мерапрыемстваў слыннай музычнай падзеі з 30-гадовай гісторыяй выглядае так:
25 кастрычніка а 10.00 у Гайнаўцы, апераджаючы канцэрт на галоўнай сцэне ў Бельску Падляскім, у ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы адкрые фестываль імпрэза з удзелам беларускага пісьменніка Уладзіміра Някляева і гурта Naviband. Літаральна на днях вядомая ўстанова адсвяткавала свой 75-гадовы юбілей, і канцэрт «Бардаўскай восені» стане яшчэ адным віншаваннем ліцэю, які выхаваў не адно пакаленне беларусаў.
У гэты ж дзень, 25 кастрычніка, у Бельску Падляскім на сцэне Бельскага дома культуры а 18.00 адбудзецца галоўнае мерапрыемства фестывалю, якое ўбірае ў сябе тры імпрэзы:
● Прэзентацыю праекта Уладзіміра Някляева «Без Айчыны» з удзелам Дзмітрыя Дуганава (хэндпан) і Аляксандры Канафальскай (мастацкае відэаафармленне).
● Уручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава — падзею будзе ладзіць Беларускі ПЭН.
● Выступленне гуртоў Verami і Naviband.
І 27 кастрычніка «Бардаўская восень» завітае ў Беласток.
У Беластоцкім тэатры лялек а 18.00 пройдзе прэзентацыя дакументальнага фільма Марка Уладзімірава «Пабыць у тым часе, які мінуў» аб бельскай паэтцы Надзеі Артымовіч. Карціну прадставіць сам аўтар.
Уваход на ўсе падзеі «Бардаўскай восені» — вольны.
«Бардаўская восень» – гэта цыклічнае мерапрыемства, якое адбываецца на Падляшшы амаль 30 гадоў. На сцэне фестывалю ў розныя гады выступалі Зміцер Вайцюшкевіч, Яўген Барышнікаў, Naviband, Relikt, ILO&friends, Алесь Камоцкі, BosaeSonca, Сяржук Доўгушаў ды іншыя выканаўцы.
«Бардаўская восень» неад’емна была звязана з імём дызайнера, культуролага і аўтара песень Міхала Анемпадыстава — ён быў сябрам журы фестывалю, аўтарам плакатаў, якія сталі фірменным знакам падзеі. Пасля ягонай смерці ў 2018 годзе «Бардаўская восень» зноў шукала сваё аблічча. З 2022 года арганізацыю вядомага фэсту ўзяў на сябе фонд TUTAKA. Сёлета падзея ладзіцца ў рамках праграмы #ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага Інстытута Культуры.
Сачыць за навінамі фестывалю можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram