Фатографка Kasia Palasatka выпусціла новую фотакнігу — «Minsk»

Сёння ў мінскай прасторы Accidental Point адбудзецца прэзентацыя новай кнігі фатографкі Касі Сырамалот (Palasatka) — «Minsk». У альбоме сабраны фатаграфіі Мінска апошняга дзесяцігоддзя — 2014-2022 гадоў, і як кажа аўтарка, для яе было важным «захаваць аблічча і сваё бачанне нашага горада для іншых пакаленняў».

Прыкмета сапраўднага вялікага і жывога горада — наяўнасць такой жа жывой гісторыі, наяўнасць людзей, якія любяць горад і па-сапраўднаму жывуць у ім, бяруць ад яго і даюць яму, што могуць, — лічыць Кася. — Я гартаю такія зборнікі аб Рыме, Парыжы, Берліне і Нью-Ёрку. Здымкі там стваралі людзі, якія рабілі месцы, дзе яны жывуць, цэнтрам вывучэння, свайго натхнення і сваіх інтарэсаў. Таму я думаю, я проста буду рада, калі нехта знойдзе ў букіністычным гэтую кнігу і зразумее, што ён не адзін у сваёй цікавасці да горада, і, магчыма, стане аўтарам уласнага погляду, — распавяла яна пра сваё выданне 34travel.me.

Фота: Кася Palasatka, 34travel.me.

Фатографка падкрэслівае, што для яе было істотным не ўкладаць зборнік «класічных відаў» на горад, а зрабіць кнігу з аўтарскім поглядам.

—  Для мяне галоўным месцам, якое сабрала ў сабе мінскую эстэтыку, заўсёды з’яўляўся мост над Свіслаччу каля Плошчы Перамогі, — падзялілася яна. — Спачатку трэба паглядзець на іканічную панараму (пажадана без фантана), а далей — прагуляцца па набярэжнай у бок бетоннай альтанкі каля дома са шпілем. Мне здаецца, менавіта ў гэтым месцы канцэнтрацыя «мінскасці» самая вялікая.

Фота: Кася Palasatka, 34travel.me.

Кася Сырамалот, якая таксама з’яўляецца аўтаркай кнігі «The Belarus Book», лічыць, што Мінск можна назваць горадам-феніксам, які мае здольнасць адраджацца.

Тут вельмі б не хацелася казаць банальныя рэчы пра «ўсё будзе добра», таму што я веру ў развіццё з кропак болю, — кажа фатографка. — Мне самой вельмі цікава будзе паглядзець, якім будзе Менск. Ён з кожнай эпохай абнаўляецца і паказвае новы твар. Я не стаўлюся да Беларусі як да чагосьці гаротнага, ды і Менск – цалкам сабе зубасты горад з велізарным насельніцтвам. Калі ў ім вырасла не адно пакаленне дзёрзкіх і крутых рабят, то вырастуць і наступныя. Думаю, яны недзе ходзяць у школы і садкі зараз, катаюцца на самакатах у дварах і гуляюць у Minecraft...

Фота: Кася Palasatka, 34travel.me.

Набыць выданне можна тут.

А гэтаксама заказаць з дастаўкай па ўсім свеце — тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!