Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з’ездзіць на выходныя?

Культура
«Наш Грунвальд» у Музейным комплексе «Дудуткі». Фота: nashgrunwald.by

Летам распачынаецца сезон оўпэн-эйраў, фэстаў і тэматычных мерапрыемстваў у рамантычных месцах. Сабралі для вас афішу буйных летніх імпрэзаў у Беларусі, Літве і Польшчы.

Беларусь

Не толькі ў Гродна, але і на Аўгустоўскім канале

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Фота: bel.nationalcultures

7-9 чэрвеня ў Гродна пройдзе Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Гараджан і гасцей горада чакаюць разнастайныя музычныя пляцоўкі, нацыянальныя падворкі з традыцыйнымі танцамі і мясцовай кухняй, выставамі народных майстроў. Па выніках абласных адборачных тураў, праведзеных яшчэ летась, былі вызначаны найлепшыя творчыя калектывы сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, што жывуць у Беларусі. Усе яны прымуць удзел у выніковых канцэртах. 9 чэрвеня фестываль перамесціцца на Аўгустоўскі канал, дзе працягнуцца тэматычныя ўрачыстасці.

На радзіме Кузьмы Чорнага

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Фота: sb.by

8 чэрвеня 2024 года ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна, на радзіме пісьменніка Кузьмы Чорнага, пройдзе трэцяе па ліку літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі». Свята ладзіцца ў філіяле «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» і на прылеглых тэрыторыях, сумесна з Капыльскім раённым выканаўчым камітэтам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

Рэканструкцыя Грунвальда ў «Дудутках»

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Фота: nashgrunwald.by

20-21 чэрвеня па традыцыі пройдзе Фестываль сярэднявечнай культуры «Наш Грунвальд» у Музейным комплексе «Дудуткі». Фэст будзе прысвечаны вайсковай і свецкай сярэднявечнай тэматыцы, звычаям нашых продкаў. Арганізатары абяцаюць відовішчныя баі рыцараў, бугурты і манеўры, экстрэмальны конны турнір па правілах XV стагоддзя, сярэднявечны стрытфуд, рынак рамеснікаў, fire show і open air рок-канцэрт. Галоўнай падзеяй стане тэатралізацыя «Грунвальдскай бітвы» 1410 года.

Паганскі фэст у «Дудутках»

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Фота: vk.com/sviata_sonca

22-23 чэрвеня пройдзе купальскі фолк-рок фестываль «Свята Сонца» ў «Дудутках». Чакаецца музыка ў стылі folk / folk–rock / pagan і сумежных кірункаў, fire show, інтэрактыўныя пляцоўкі, кірмаш рамеснікаў і фудкорт.

Літва

Фестываль «Культура ў выгнанні»

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Праспект Гедыміна ў Вільні. Фота: govilnius.lt

7 чэрвеня ў Вільні адбудзецца фэст «Культура ў выгнанні», які ладзіць Інстытут імя Гётэ ў межах Віленскай ночы культуры. У праграме — калектыўныя музычныя практыкі, канцэрт і пасяджэнне кніжнага клуба, прысвечанае моцным дысідэнцкім жаночым галасам у сучаснай беларускай літаратуры. Мінская урбаністычная платформа ў Вільні ладзіць міждысцыплінарную сесію, якая спалучае вывучэнне раслін у гарадской прасторы з рынкам абмену раслінамі, апавяданнем і стварэннем сетак. Клуб сацыяльных еўрапейскіх танцаў «Валошка» ладзіць майстар-клас па шасці розных традыцыйных танцах, каб падтрымаць сувязь паміж беларусамі, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, а таксама запрасіць гледачоў адчуць агульную спадчыну і значэнне традыцыйнага танца ў Беларусі і Літве.

Расклад падзей тут.

Польшча

Працяг Soncahraj у Супраслі і Навасадах

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Фестываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ у Беластоку. Фота: TUTAKA.

31 мая — 8 чэрвеня на Падляшшы праходзіць фестываль беларускай традыцыі Soncahraj. Арганізатар — фонд «Tutaka» — распачаў фестываль у Беластоку, а 7 чэрвеня ён працягнецца ў Супраслі, 8-га — у Навасадах. У межах фестывалю пройдзе шэраг канцэртаў, дзе сярод іншага будуць гучаць аўтэнтычныя спевы і традыцыйная музыка Беласточчыны.

Купалле на беразе Віслы

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Святкаванне Купалля на беразе Віслы. Фота: reform.news.

22 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы а 16.00 распачнецца святкаванне Купалля «Вянкі беларускія»

Абяцаюць спевы, абрадавыя танцы пад апекай найлепшых профі, пляценне вянкоў і шуканне папараць-кветкі. Зладзяць латарэю, фотасесію і конкурс на найлепшы нацыянальны строй. Правядуць ненавязлівую і эфектную канцэртную праграму, інтэрактыў і любімы ўсімі вольны мікрафон.

24 гадзіны музыкі і танцаў

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Скрын відэа

29 чэрвеня ў Варшаве пройдзе купальскі Varušniak. У 12.00 у клубе REJS (Piotra Bardowskiego, 2A) распачнецца вялікае свята музыкі, флірту, агню і кахання. Рыхтуюць вялікае вогнішча, традыцыйныя спевы, купальскія забавы і 24 гадзіны музыкі і танцаў. Тры сцэны, 30 артыстаў і суткі музыкі нон-стоп. Квіткі коштам ад 80 злотых па спасылцы.

Hučna Fest з музыкай і СучБелЛітам

Дзевяць фэстаў чэрвеня: куды ўлетку з'ездзіць на выходныя?
Фота: reform.news.

29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы (каля варшаўскага Музея Сучаснага Мастацтва: Wybrzeże Kościuszkowskie, 22) з 13.00 пачнецца вялікі Hučna Fest з актуальнай беларускай музыкай, знакамітымі імёнамі СучБелЛіта, сучасным мастацтвам і актывізмам. Уваход вольны! На музычнай сцэне сёлета выступяць «Разбітае Сэрца Пацана», LEIBONIK, Syndrom Samazvanca і NOCHY. Вядучы — Мікіта Мелказёраў. Чакаецца насычаная літаратурная праграма, падрыхтаваная разам з Беларускім ПЭНам: прэзентацыі, дыскусіі, чытанні з удзелам Анхелы Эспіносы Руіс, Змітра Бартосіка і Юстыны Карпіловіч, Вікі Біран, Насты Кудасавай, Светы Бень, Ганны Кандрацюк, Ганны Янкуты, Крысціны Дробыш, тоні лашдэн, Уладзя Гарбацкага, Артура Камароўскага. А таксама кніжныя стэнды найлепшых беларускіх выдавецтваў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: