Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Гарадку Віцебскай вобласці — на радзіме аўтара «Тараса на Парнасе»

У 2023 годзе юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства будзе прымаць раённы цэнтр Гарадок Віцебскай вобласці. Непадалёк ад яго ў вёсцы Астраўляны нарадзіўся Канстанцін Вераніцын – аўтар вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

З нагоды свята мясцовыя ўлады правялі грамадскае абмеркаванне і зацвердзілі новую назву цэнтральнага сквера. На выбар было прапанавана восем варыянтаў назвы сквера, у тым ліку і дасланых падчас правядзення абмеркавання. Аднак галасаванне, якое праходзіла на афіцыйным сайце райвыканкама, паказала, што большасць галасоў была аддадзена за «Вераніцынскі сквер» — у гонар аўтара паэмы «Тарас на Парнасе».

У скверы ўжо знаходзіцца скульптура «Тарас на Парнасе» аўтарства Івана Казака і Сяргея Сотнікава, усталяваная падчас «Дажынак» у 2014 годзе.

А па дарозе з Гарадка да вёскі Астраўлянаў, якая лічыцца радзімай Канстанціна Вераніцына, аўтобусныя прыпынкі аформілі ў літаратурным стылі.

Cкульптурная кампазіцыя Ігара Сілко ў працэсе ўсталявання. Фота: vitvesti.by

Цэнтральным аб’ектам гарадскога сквера стане скульптура — у выглядзе літар 405-гадовага «Буквара» аўтарства студэнта Акадэміі мастацтваў Ігара Сілко. Памерам чатыры на чатыры метры скульптурная кампазіцыя будзе мець ўнутраныя лабірынты і незвычайную прастору вакол літар, і па задуме аўтара стане месцам прыцягнення дзятвы Гарадоччыны. У планах аўтара — затаніраваць гатовую кампазіцыю з фібрабетона пад камень.

Няглядзячы на даволі эклектычны характар самога свята, Гарадок атрымае новы мастацкі аб’ект і адметную рэгіянальную назву сквера.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.