20 студзеня споўнілася б 79 гадоў Дэвіду Лінчу, сусветнавядомаму амерыканскаму рэжысёру, які сышоў у іншы свет на мінулым тыдні. Ушанаваць яго памяць у гэты дзень на «сусветнай групавой медытацыі» прапанавалі дзеці славутага кінематаграфіста і мастака — Джэніфер, Осцін, Райлі і Лула Лінч. 20 студзеня а 12.00 па ціхаакіянскім стандартным часе яны запрашаюць усіх прыхільнікаў яго творчасці прысвяціць улюбёнаму творцу і адпраўцы пазітыву ў свет 10 хвілін.
«Дэвід Лінч, наш любімы тата, быў пуцяводным святлом творчасці, любові і міру, — напісалі дзеці ў X. — У панядзелак, 20 студзеня — калі яму споўніцца 79 гадоў — мы запрашаем усіх вас далучыцца да сусветнай групавой медытацыі ў 12:00 апоўдні па ціхаакіянскім стандартным часе на 10 хвілін.
Давайце збярэмся разам, дзе б мы ні знаходзіліся, каб ушанаваць яго спадчыну, распаўсюджваючы мір і любоў па ўсім свеце. Калі ласка, знайдзіце гэты час для медытацыі, разважанняў і адпраўкі пазітыву ў сусвет. Дзякуй за ўдзел у гэтым свяце яго жыцця», — запрасілі да прыгожага жэсту ўшанавання бацькі Джэніфер, Осцін, Райлі і Лула Лінч.
Дэвід Кіт Лінч — амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст, мастак, акцёр. Лаўрэат прэміі «Оскар» за выбітныя заслугі ў кінематографе, а таксама «Залатой пальмавай галіны» Канскага кінафестывалю і ганаровага «Залатога льва» Венецыянскага кінафестывалю. Тройчы намінаваўся на «Оскар» за найлепшую рэжысуру. Аўтар такіх стужак як «Галава-ласцік», «Чалавек-слон», «Сіні аксаміт», «Дзікія сэрцам», «Унутраная імперыя», «Дзюна», «Малхолланд Драйв», «Шаша ў нікуды», «Простая гісторыя», культавага серыяла «Твін Пікс».
З канца 1970-х Дэвід Лінч двойчы ў дзень займаўся трансцэндэнтальнай медытацыяй па сістэме Махарышы Махеш Ёгі. У 2006 годзе рэжысёр выпусціў аўдыякніжку аб тэхніцы пагружэння ў глыбіню свядомасці, дзе, у прыватнасці, распавёў, як медытацыя дапамагае яму ў працы над фільмамі. У рускім перакладзе кніга выйшла ў выдавецтве «Эксмо» пад назвай «Злавіць вялікую рыбу» («Поймать большую рыбу»). Дэвід Лінч наведаў не менш за 30 краін, выступаючы перад студэнтамі з лекцыямі аб трансцэндэнтальнай медытацыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.