Да 60 тысяч еўра: Беларуская Рада культуры абвесціла конкурс па падтрымцы творчых праектаў

Сёння Беларуская Рада культуры пазначыла старт конкурсу ў межах ArtPower Belarus — нядаўна прэзентаванага праекта ў падтрымку беларускай культуры, на які Еўразвяз вылучыў 2 мільёны еўра.

У межах праекта, які Рада рэалізуе супольна з Дацкім інстытутам культуры, творчым ініцыятывам і асобам прадастаўляецца магчымасць атрымання фінансавых рэсурсаў. Як арганізацыі, так і творыя дзеячы могуць прэтэндаваць на міні-гранты – ад 1000 да 5000 еўра, мідзі-гранты – ад 5000 да 60 000 еўра, а таксама гранты мабільнасці — іх можна скарыстаць на паездкі, неабходныя для працы, навучання, даследаванняў ды іншага, – у сярэднім на 2000 еўра.

«Мы стараемся не губляць часу і спрыяць таму, каб нават у такіх складаных умовах беларуская культура жыла і развівалася, – кажа кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. – ArtPower Belarus ствараўся акурат для таго, каб надаць галасам творцаў больш моцнае гучанне, а ў іх саміх узмацнілася адчуванне запатрабаванасці і важнасці іх меркавання. Спадзяюся, што дзякуючы праекту ў розных сферах з’явяцца важныя і натхняльныя творы, паездкі ў межах праграмы мабільнасці дадуць новы досвед і кантакты, а само культурніцкае кам’юніці ўзмацніцца”.

За першы год працы ArtPower Belarus збіраецца вылучыць не менш за 15 міні-грантаў на агульную суму 75 000 еўра, не менш за 11 мідзі-грантаў на агульную суму 440 000 еўра і не менш за 50 грантаў мабільнасці на агульную суму 100 000 еўра. Праект разлічаны на 28 месяцаў.

Конкурсаў на мідзі-гранты будзе два. Заяўкі на міні-гранты і гранты мабільнасці можна падаваць цягам усяго перыяду – разглядацца яны будуць кожны квартал.

Дэдлайн у межах першага конкурсу — 12 сакавіка.

“Мы з нецярпеннем чакаем свежыя ідэі з розных сфераў культуры, а таксама міжсектарныя ініцыятывы», – падкрэслівае прадстаўніца Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры Эліна Калнібалоцкая.

Кожны з пададзеных праектаў будзе спачатку разглядацца экспертнай, а пасля адборачнай камісіямі. Першая будзе фармавацца з адмыслоўцаў сферы, у другую ўвойдуць 3 прадстаўнікі Дацкага інстытуту культуры, 2 прадстаўнікі Беларускай Рады культуры і 2 чальцы звонку ў якасці назіральнай рады.

Падаць заяўку на грант можна на сайце Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры. Рада звяртае ўвагу, што ArtPower Belarus клапоціцца пра бяспеку тых, хто застаецца на тэрыторыі Беларусі, таму сайт ствараўся з улікам парадаў прафесіяналаў, а ўсе заяўкі будуць захоўвацца ў бяспечным месцы.

7 лютага, каб дапамагчы творцам разабрацца з тым, як дзейнічае конкурс, Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры ладзіць адмысловую інфасесію.

Зарэгістравацца на сустрэчу можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!