12 красавіка ў вільнюскай CreateCulture Space пачне працу выставачны праект маладога беларускага мастака і архітэктара Віктара Сяргея a.k.a. clonviktor. У выказванні «A Little Strange» аўтар прадставіць серыю псіхалагічных партрэтаў (не) знаёмых (кіна) персанажаў.
Віктар Сяргей з’яўляецца адным з пераможцаў конкурсу для маладых мастачак і мастакоў, рэлізаванага прасторай CreateCulture Space разам з Chrysalis Mag.
«Нам, людзям, хочацца дазнацца пра існасць іншых, ухапіць характар асобаў, зразумець іх пачуцці праз жэсты і міміку: гэта інстынкт выжывання. Кожны рух мускула на твары адлюстроўвае цэлы спектр эмоцый, што і робіць жанр партрэта для мяне такім асаблівым», — распавядае творца пра сваю выставу, якую можна перакласці з англійскай як «Трохі дзіўны» («A Little Strange»).
«A Little Strange» — гэта не маналітны зборнік персанажаў з кіно або фантазій, а спектр характараў і тэмпераментаў, якія неадназначным, нязручным для ўспрымання спосабам адлюстроўваюцца ў знешнім, — адзначаецца ў анатацыі да экспазіцыі. — Сюжэт і вобразы прадстаўленых работ, нібыта добрае артхаус кіно, выводзяць гледачоў у адкрыты фінал i пакiдаюць недагаворанасць, сумненні...
Як вы ахарактарызуеце аб’ект насупраць? Адлучыце яго ад чырвонага, вызваліце ад унутраных установак і, магчыма, вы выявіце, што крык — гэта насамрэч усмешка», — прапануе гледачу пагуляць са сваім успрыняццем творца.
Віктар Сяргей скончыў БНТУ у 2014 годзе і з таго часу працуе па спецыяльнасці: архітэктарам і дызайнерам інтэр’ераў. Таксама мастак — адзін з заснавальнікаў студыі DUDES architects. Малюнкам і жывапісам ён захапіўся яшчэ ва ўніверсітэце, і, хоць і не вучыўся на мастака, стаў шмат маляваць і даследаваць розныя тэхнікі.
clonviktor — творчы псеўданім аўтара, аблічча, якое дазваляе яму спалучаць заняткі мастацтвам з працай у DUDES architects.
Адкрыццё праекта адбудзецца 12 красавіка ў CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5) а 19.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram