У комплексе Старога замка ў Гродне ў перспектыве з’явяцца «дамы кухараў», вуглавая вежа з яшчэ адной камяніцай, а таксама склады і вазоўня. Перспектыўныя аб’екты пералічаныя ў вытрымцы з генплана замка, якую апублікавалі на сайце дзяржзакупак, заўважыла выданне Hrodna.life.
У межах працаў па праектаванні другой чаргі замка Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама праводзіць закупку на археалагічнае даследаванне.
Арганізацыя, якая пераможа, павінна будзе правесці даследаванне і скласці навуковую справаздачу з 16 па 20 кастрычніка. У другой чарзе рэканструкцыі працы тычацца самога будынка палаца — асноўнай часткі комплекса Старога замка.
Трэцяя чарга ахопіць закансерваваныя пад зямлёй фрагменты Ніжняй царквы. Верагодна, для іх у плане прадугледжана падземная экспазіцыйная зала. Таксама хочуць пабудаваць: аднапавярховыя «дамы кухараў», трохпавярховую вуглавую вежу з камяніцай, склады і вазоўню, мост — верагодна, паміж палацам з другой чаргі рэканструкцыі і комплексам з трэцяй чаргі, а таксама — адкрытыя галерэі.
Зараз тэрыторыя трэцяй чаргі рэканструкцыі Старога замка — самая закінутая на Замкавай гары. Там знаходзяцца рэшткі сцен яшчэ замка Вітаўта XV стагоддзя. Яны не закансерваваныя і не адаптаваныя пад наведванне турыстамі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram