Сёння, 17 снежня, адзначаецца стагоддзе беларускага кіно. Да знакавай даты Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) правяла апытанне наконт найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю, запрасіўшы 49 экспертаў: рэжысёраў, кіназнаўцаў, кінакрытыкаў, куратараў, фестывальных праграмераў. Па выніку быў складзены фінальны спіс з 50-ці стужак. Здагадайцеся, хто трапіў у актуальны топ-50 беларускага кіно?
Першае месца ў рэйтынгу заняла антываенная драма «Ідзі і глядзі» Элема Клімава супольнай вытворчасці савецкіх кінастудый «Беларусьфільм» і «Масфільм», за якую прагаласавалі 26 рэспандэнтаў. З мінімальным адрывам на другім месцы размясцілася індзі-карціна «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі, што набрала 24 галасы. Стужку знялі ўжо ў незалежнай Беларусі, яна, як і «Ідзі і глядзі», паказвае партызанскі рух часу Другой сусветнай вайны, але з альтэрнатыўнай перспектывы. На трэцім месцы — першы беларускі хорар — знакамітая экранізацыя аповесці Уладзіміра Караткевіча — «Дзікае паляванне караля Стаха» Валерыя Рубінчыка, якая ўзгадваецца экспертамі 19 разоў.
У топ-50, варта адзначыць, увайшлі не толькі ігравыя стужкі, але і дакументальнае, анімацыйнае кіно. І што найбольш істотна — актуальны топ-50 утрымлівае фільмы апошніх дзесяцігоддзяў, створаныя незалежнымі кінематаграфістамі: ігравыя «Заўтра» Юліі Шатун, «Крышталь» Дар’і Жук, «Купала» Уладзіміра Янкоўскага, дакументальныя — «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы, «Смеласць» Аляксея Палуяна, «Мара» Сашы Кулак, «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка і іншыя карціны, які ахопліваюць і актуальную гісторыю Беларусі, — у тым ліку, 2020 гадоў.
Агулам жа ў індывідуальных спісах 49-ці кінаэкспертаў былі згаданыя 174 карціны. Канчатковая «пяцідзесятка» фарміравалася з фільмаў, якія згадваліся фільммейкерамі і кінаэкспертамі ў персанальных спісах найбольш.
Варта адзначыць, што рэйтынг беларускага кіно, якія зараз можна знайсці на сайце Беларускай незалежнай кінаакадэміі, змяшчае не толькі фестывальную біяграфію карціны, каментары экспертаў, а таксама спасылку на крыніцу, дзе можна паглядзець фільм. Таксама на пляцоўцы можна азнаёміцца і з індывідуальнымі перавагамі кінематаграфістаў і крытыкаў.
«Гэта найбольш шырокае апытанне, якое дасюль праводзілася на гэтую тэму, з пункту гледжання як рэпрэзентацыі фільмаў, гэтак і колькасці экспертаў», — адзначае каманда незалежнага аб’яданання.
Адзначым, што дзесяць год таму Гільдыя кінакрытыкаў Беларускага саюз кінематаграфістаў з кінастудыяй «Беларусьфільм» і часопісам «На экранах» ладзіла падобны ж рэйтынг, у які ўвайшлі 20 найлепшых фільмаў беларускага кіно. Але істотным адрозненнем актуальнай апытанкі ад папярэдняй стала тое, што ў выбары найлепшага беларускага кіно гэтым разам прымалі ўдзел не толькі кінакрытыкі, але і фільммейкеры, куратары, у тым ліку, замежныя эксперты розных пакаленняў: так, сярод экспертаў ёсць вядомы беларускі кінарэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, кінакрытык і фестывальны эксперт Ігар Сукманаў, філасафіня, культуралагіня, гендарная даследчыца Альміра Усманава, рэжысёр Андрэй Кашперскі, медыяактывіст і культурны аналітык Максім Жбанкоў, дырэктарка кінафестывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, прадзюсарка, заснавальніца фестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская, рэжысёркі Мара Тамковіч, Таня Свірэпа, Ксенія Галубовіч, кінакрытыкі Ірэна Кацяловіч, Тарас Тарналіцкі ды іншыя аўтары. Адзначым, што некаторыя эксперты пажадалі застацца ананімнымі.
Такі пашыраны склад адбіўся на выбары: у топ-50 у вынікв трапілі як слынныя карціны савецкай гісторыі беларускага кінематографага, так і стужкі незалежнай Беларусі, Беларусі 2010-тых і нават 2020-тых гадоў, што пры ўсёй суб’ектыўнасці выбаркі сведчыць пра тое, што беларускае кіно не застыла ў часе. І падажаем яму і далей рухацца наперад, нягледзячы на ўсе складанасці!
Азнаёміцца са 50-ццю найлепшымі беларускімі фільмамі ад беларускай кінасупольнасці можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram