Расія вырашыла вярнуцца да савецкай ініцыятывы брэжнеўскіх часоў — музычнага конкурсу «Інтэрбачанне». Загад аб яго правядзенні-аднаўленні 3 лютага падпісаў Уладзімір Пуцін. І згодна з ужо існуючай старонкай падзеі ў Вікіпедыі, Беларусь — адна з краін — удзельніц расійскага музычнага спаборніцтва-2025.
Конкурс, як адзначаецца ў новым загадзе, ладзіцца «ў мэтах далейшага развіцця міжнароднага культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва».
Аргкамітэт «Інтэрбачання» ўзначаліць расійскі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Чарнышэнка.
Месцам правядзення песеннага фестывалю стане Масква і Падмаскоўе.
Нагадаем, што Расію адхілілі ад конкурсу«Еўрабачанне» пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Пасля адхілення асобныя расійскія чыноўнікі пачалі абмяркоўваць у медыя музычны конкурс «Інтэрбачанне» — рэінкарнацыю падзабытай ініцыятывы, якая ладзілася ў 1970-х -1980-х гадах у краінах сацыялістычнага блоку.
«Ужо сёння відавочна, што цікавасць да «Інтэрбачання» вялікая. Гэта і Лацінская Амерыка, Цэнтральная Азія, і краіны СНД, і, наколькі мне вядома, нейкія нават асобныя еўрапейскія дзяржавы выказваюць цікавасць, пацвердзілі ўдзел і КНР, і Беларусь (у арыгінале — Белоруссия), і Азербайджан, і Казахстан, і Куба, і Бразілія», — распавядаў пра літаральна доўгачаканае вяртанне «Інтэрбачання» посткамуністычным светам на Пецярбуржскім міжнародным эканамічным форуме ў 2024 годзе спецыяльны прадстаўнік Уладзіміра Пуціна па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой.
У артыкуле пра конкурс на Вікіпедыі пра вайну ва Украіне і адхіленне ад «Еўрабачання» не згадваецца. Прыпадносіцца, што ідэя аднаўлення «Інтэрбачання» вітала ў паветры з 2008 года. Дзеля справядлівасці ў 2008-м медыягрупа «Чырвоны квадрат» і Першы канал арганізоўвалі ў Сочы дзіцячы конкурс «Пяць зорак. Інтэрбачанне», у якім прымалі ўдзел выканаўцы з 11 краін былога СССР. Але ў 2015 годзе пасля анэксіі Крыма спроба аднавіць фестываль зноў адклалася.
Заўважым, што «Інтэрбачанне» з 1977 па 1980 гады ладзіўся ў польскім Сопаце. У той час у краіне пачаліся забастоўкі працоўных: на верфях Гданьска зараджаўся рух «Салідарнасць», які кінуў выклік камуністычнаму рэжыму.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.