У старэйшым парку Магілёва — парку Максіма Горкага — у бліжэйшы час плануюць пабудаваць новы музейны комплекс. Ён будзе распавядаць пра падзеі ХХ стагоддзя — Першую сусветную вайну, Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, сям’ю Мікалая II, Георгіеўскіх кавалераў, Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года, і будзе ўзведзены вакол царквы ў гонар Царскіх Пакутнікаў. На думку тэлеграм-канала «Спадчына», які спецыялізуецца на архітэктурнай і культурнай спадчыне, новы праект не толькі выкананы ў псеўдагістарычным стылі, але і з’яўляецца вялікай пагрозай для гістарычнага цэнтра — Замкавай гары. Па сутнасці, музейны комплекс у гонар Мікалая ІІ мусіць паўстаць на месцы былога Магілёўскага замка.
Як адзначаецца на сайце Магілёўскага гарвыканкама, цэнтральная ўваходная група будучага музейнага комплексу будзе размешчана з боку парку імя Максіма Горкага. «Сам музей плануюць размясціць ніжэй узроўню зямлі ў аб’ёме адхону, і планавана ён будзе развівацца вакол існуючага храма. Большая частка музейнага комплексу, размешчанага ніжэй узроўню зямлі, будзе ўтрымліваць экспазіцыйныя зоны і памяшканні рознага прызначэння».
Аб’ект мае назву «Рэканструкцыя парку імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г. Магілёве». Яго распрацоўшчык — ААТ «Институт Могилевгражданпроект». Галоўны архітэктар праекта — Віталь Рагаўцоў.
Заказчык — «Камунальнае ўнітарнае даччынае прадпрыемства «Кіраванне капітальным будаўніцтвам г. Магілёва».
Па меркаванні тэлеграм-канала «Спадчына», праект не дэманструе анічога, акрамя амбіцый і дурнога густу яго распрацоўшчыкаў. Плюс непавагу да гісторыі старажытнага Магілёва.
Гісторыя горада на Дняпры сапраўды звязана з гісторыяй царскай сям’і: у цэнтры горада — на Ратушнай плошчы (сёння плошчы Славы) — у XVIII-XX cтагоддзях стаяў палац губернатара, дзе ў 1915-1917 гады жыў цар і сядзела Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Чаму распрацоўшчыкам не аднавіць гэты будынак, які непасрэдна звязаны з гісторыяй Першай сусветнай вайны, Мікалаем ІІ, а не лезці на гарадзішча, якое з’яўляецца помнікам археалогіі? — задаюцца пытаннем аўтары тэлеграм-канала.
«Будынак [былога палаца] выдатна зафіксаваны нават знутры на шматлікіх фота часоў Першай сусветнай вайны, — заўважае тэлеграм-канал. — З 2005 года ў праекце зон аховы цэнтра [было] прапісана аднаўленне гэтага будынка як часткі ансамблю плошчы. І з таго моманту для гэтага зроблена А Н І Ч О Г А, — падкрэслівае «Спадчына». — Вось аднавіце палац і зрабіце музей Стаўкі, якога ляда вы свой псеўдагістарычны лубок на помнік археалогіі цягнеце?».
Трэба дадаць, парк Горкага, дзе плануюць пабудаваць музейны комплекс, знаходзіцца на месцы былога гарадзішча на Вале — то-бок, на месцы Магілёўскага замка, які існаваў у XVI — XIX стагоддзях. У 1990-х археалагічныя даследаваннямі замка займаўся нават Ігар Марзалюк, вядомы прапагандыст з гістарычнай і археалагічнай адукацыяй, які пацвердзіў гістарычную і культурную каштоўнасць месца. «У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў XII-XIII стагоддзях існавала ўмацаванае славянскае паселішча», — даводзіць Вікіпедыя.
У 2000-х, калі ўзнікла ідэя пабудаваць у парку Горкага вышэйзгаданую царкву ў гонар Царскіх Пакутнікаў, яна далёка не ўсім прыйшлася даспадобы. Праект выкалікаў абурэнне ў магілёўцаў, прычым, кропкай нязгоды стала менавіта месца будаўніцтва храма. Але дзякуючы падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі ўзвядзенне Царквы ў гонар святых царственных пакутнікаў і новапакутнікаў і вызнаўцаў ХХ стагоддзя (так гучыць поўная назва храма) на Замкавай гары было распачата.
Сёння, падобна на тое, для кагосьці вельмі важна ўзвесці музейны компекс у гонар расійскага цара зноў менавіта на месцы старажытнага Магілёва.
Дадамо, што прэзентацыя праекта ўдзельнікам грамадскага абмеркавання адбудзецца 10 ліпеня 2024 года а 15:10 у будынку Магілёўскага гарвыканкама (г. Магілёў, вул. Першамайская, 28а, 3-ці паверх, каб. 320).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: