30 чэрвеня ў Культурным цэнтры Любліна Вольныя Купалаўцы будуць чытаць «Экстрэмістаў» — дэбютную п’есу беларускай паэткі і пісьменніцы Юлі Цімафеевай. Драматургічны твор заснаваны на лістах да зняволеных беларусаў.
Рэжысёрам чыткі выступіць вядомы польскі рэжысёр і музыка Павел Пасіні. Удзельнікі перфомансу: Валянціна Гарцуева, Аляксандр Казела і Аляксандр Зелянко — маладыя артысты незалежнай тэатральнай групы «Вольныя Купалаўцы». Сцэнаграфія і касцюмы: Аляксандра Камарска.
П’еса была створана Юляй Цімафеевай у Берліне ў 2023 годзе ў межах праекта «Пакуль гісторыя піша сама сябе». У яе аснове — сапраўдная сямейная гісторыя: брата і нявесткі пісьменніцы — Пятра і Юлі Марчанкаў, музыкаў гурта «Irdorath». Маладая пара паўтара года правяла ў лукашэнкаўскай турме.
«Адным з ключавых матываў [п’есы] з’яўляюцца лісты да арыштаваных і зняволеных, якія з’яўляюцца яскравым сведчаннем няспынных пакут беларускага народа і бясконцага жніўня-2020, — адзначаецца ў анатацыі да тэатральнай імпрэзы. — Многія людзі ўдзельнічаюць у напісанні такіх лістоў, ствараючы супольнасць надзеі і падтрымкі. У лістах адлюстраваная глыбокая, эмацыйная барацьба людзей з несправядлівасцю.
«Экстрэмісты» апісваюць канфлікт паміж тым, што дэкларуецца, і тым, што ёсць на самой справе, раскрываючы жорсткую рэальнасць рэпрэсіўнага рэжыму».
Перфоманс адбудзецца 30 чэрвеня а 20:00 у Камернай зале (Падвала Цэнтра культуры).
Варта дадаць, што Юля Цімафеева з’яўляецца таксама ўдзельніцай слыннага музычнага і літаратурнага фестываля Inne Brzmienia, які проста цяпер ладзіцца ў Любліне. І заўтра а 12.00 у Warsztaty Kultury (Grodzka, 7) адбудзецца прэзентацыя двухмоўнага зборніка літаратаркі «Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада» (выдавецтва Warsztaty Kultury).
«Вобразы бязмоўя, сарванага адраджэння і экалагічнай катастрофы — надаюць кнізе глыбіню і абвяшчаюць Юлію Цімафееву паэткай, за якой чытачы захочуць рушыць услед у будучыні», — такую адзнаку дала кнізе беларускай аўтаркі амерыканская паэтка Джэсіка Джонсан.
На сустрэчы разам з Юляй Цімафеевай будзе прысутнічаць перакладчык Багдан Задура. Мадэратарка дыскусіі — Моніка Астроўска.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram