Беларуская рада культуры распачала кампанію #art_born_Belarus, каб у калекцыях сусветных мастацкіх музеяў былі пазначаны ўраджэнцы Беларусі.
Напрыканцы лютага БРК паведаміла, што распачынае кампанію адвакацыі, каб давесці ўсяму свету прыналежнасць да Беларусі славутых мастакоў. Дзеля гэтага папрасіла дасылаць фота і інфармацыю пра тыя выпадкі, калі аўтары, якія маюць дачыненне да Беларусі, пазначаны ў музеях іншай краінай паходжання.
Імпульс падобнай кампаніі далі ўкраінцы, якія змагаліся за замену шыльдаў, і цяпер Рэпін, Куінджы і Айвазоўскі, а нядаўна і Малевіч, пазначаны ўкраінскімі мастакамі ў вядучых музеях свету.
У той інфармацыі, якую БРК атрымала ад сваіх чытачоў, пераважаюць допісы пра Марка Шагала.
Кіраўнік Рады культуры Сяргей Будкін напісаў у сваім фэйсбуку, што, напрыклад, подпіс да шагалаўскай карціны «Палюбоўнікі», заўважаны чытачкай у музеі мастацтва LACMA ў Лос-Анджэлесе, змяшчае згадку пра самога мастака: born in Russia. У апісанні: «казачныя дэталі расійскага горада праз акно пакоя ў Віцебску». Гэтыя азначэнні паўтараюць тэкстоўку Метраполітан-музея, да калекцыі якога «Палюбоўнікі» належаць.
Тых, хто хоча супрацьстаяць падобным падыходам, Беларуская рада культуры заклікае дасылаць у адпаведныя ўстановы лісты з пратэстамі і прапановамі.
Мастацтвазнавец, які пажадаў застацца ананімным, тлумачыць, што Марк Шагал — беларускі мастак тым, што што ён аднавіў сістэму мастацкай адукацыі ў Беларусі, што існуе да сёння. Філіялы яго Віцебскай мастацкай школы былі створаны з іншых беларускіх гарадах — Полацку, Оршы, Лепелі. Пазней школа Шагала ў Віцебску стала Беларускім мастацкім тэхнікумам, у якім да вайны адвучыліся два пакаленні беларускіх мастакоў.
Дададзім, што Марк Шагал нарадзіўся ў мястэчку Ліёзна каля Віцебска ў 1887. Вучыўся мастацтву ў школе вядомага віцебскага жывапісца Юдаля Пэна. Пасля ў Санкт-Пецярбургу і Парыжы, перад першай сусветнай вайной вярнуўся ў Віцебск, у 1917 годзе быў прызначаны камісарам па мастацтве ў Віцебскай губерні. У горадзе ён заснаваў народнае мастацкае вучылішча, дзе выкладалі Мсціслаў Дабужынскі, Іван Пуні, Ксенія Багуслаўская, Вера Ермалаева, Эль Лісіцкі, Казімір Малевіч. У 1922 эмігрыраваў спачатку ў Берлін, потым у Парыж, аднак крыніцай многіх сюжэтаў яго твораў заставаўся родны Віцебск, які ён міфалагізаваў і праслаўляў.
Тут можна спампаваць шаблон ліста, каб ад сябе, суполкі ці дыяспары накіраваць у музей просьбу перагледзець подпіс да твора.