«Чатыры колы далей ад цэнтра»: фільм пра мінскую мастачку Марыну Капілаву можна паглядзець на платфоме Vodblisk

«Чатыры колы далей ад цэнтра» — дакументальны партрэт мінскай мастачкі Марыны Капілавай вачыма рэжысёркі Лены Ле даступны для прагляду у анлайн-кінатэатры Vodblisk. Гэта стужка пра свабоду ў свеце, які ты для сябе ствараеш сам. Фільм удзельнічаў у Беларускім конкурсе кінафэсту «Паўночнае ззянне-2023» і стаў адным з пераможцаў галасавання гледачоў.

Чатыры асобы, якія асабіста ведаюць Марыну, расказваюць гісторыі, звязаныя з жыццём жанчыны. Сябры, калегі ды суседка па двары. Паралельна з гэтымі аповедамі сама мастачка паўстае ў кадры і дзеліцца сваім поглядам на свет, жыццё. Гісторыі герояў перакрыжоўваюцца, рэальнасць уступае ў спрэчку з фантазіяй.

Фільм рэжысёркі Лены Ле дае магчымасць з аскепкаў меркаванняў сабраць свае цэлае. Паступова, з кожным новым колам, успрыманне асобы гераіні становіцца больш насычаным і шчыльным.

З’яўляючыся ў кадры Марына Капілава фехтуе, працуе над сваімі скульптурамі і нават вучыць хадзіць па столі, а паміж гэтым вельмі шмат разважае пра рознае: пра халодную зброю і высакароднасць, абарону іншых людзей, існаванне ў грамадстве, калі ты непадобны на іншых, пра каханне і жыццё ў адной прасторы.

У адным з такіх маналогаў гераіня закранае тэму, якая сёння асабліва актуальная: «Калісьці я кідалася абараняць сваіх сябровак, хаця вельмі баялася тых, ад каго я іх абараняю. Маленькія брыдкія хуліганы ці буйныя хуліганы, ці проста якія-небудзь. Я кагосьці праводзіла, а потым ішла дадому адна і мне было вельмі страшна: і праводзіць, і ісці дадому. Я дэманстравала гераічныя паводзіны, зусім не будучы героем».

Сіла гэтага фільма ў тым, што ён не толькі расказвае пра асобу Марыны, але і дазваляе паразважаць над уласнымі жыццёвымі арыентырамі.

VODBLISK — анлайн-кінатэатр, які імкнецца прасоўваць незалежнае беларускае кіно і даваць голас незалежным беларускім фільммэйкерам і фільммэйкеркам. Новыя фільмы з’яўляюцца на платформе штомесяц, доступ да любога з іх можна купіць на 30 дзён. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець увесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK бясплатна, доступ да аднаго фільма з-за мяжы каштуе 5 долараў. Падтрымаць праект можна тут.

Гледзець фільм «Чатыры колы далей ад цэнтра» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!