Чаму на фестывалі Marafest Sopot Festival не было беларускіх артыстаў? Паспрабавалі разабрацца

Ісландскі гурт GusGus, украінская спявачка ONUKA, польскае трыа KAMP!, неафолк калектыў з Ізраіля — Lemon and Soul, — такім быў склад хэдлайнераў на прамінулым на гэтых выходных Marafest Sopot Festival. Многія беларусы, якія наведалі 3-ю эдыцыю ўжо вядомай у Сопаце падзеі, былі шчыра здзіўлены, што на музычнай сцэне імпрэзы так і не ўдалося ўбачыць беларускіх музыкаў. Гэта тым больш дзіўна, бо заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца менавіта беларусы.

Як удалося дазнацца Reform.news, на сёлетнім Марафэсце ўсё ж планаваліся выступы беларускіх артыстаў. Арганізатары працавалі над гэтым, былі розныя варыянты, але з-за абставін, якія скалаліся, планы не ўдалося ажыццявіць.

Marafest пазіцыянуе сябе як фестываль розных культур. Яго ідэя — яднанне людзей, якія жывуць побач, без падзелу на нацыянальнасці, адзначаюць арганізатары. Музыка, рамяство, мастакі — каманда падзеі, у якую ўвахозяць палякі і беларусы, хочуць паказваць шматграннасць культуры з яе розных бакоў. Памкненне фэсту — у тым ліку паказваць беларускую культуру ў кантэксце іншых культур, не замыкацца ў сваім коле.

Украінская спявачка Onuka — адна з хэдлайнераў фестывалю. Фота: Witold Deka / Trojmiasto.pl.

Сёлета арганізатары падзеі працавалі над тым, каб прывесці на актуальную эдыцыю фэсту беларускіх артыстаў, падзялілася з Reform.news крыніца з фестывальнага кола. Аднак ажыццявіць выступленне беларускіх артыстаў не ўдалося.

Пры гэтым суразмоўца адзначыў вялікую прысутнасць беларусаў у іншых зонах фэсту — мастакоў, удзельнікаў маркета, зонаў бара і кальянаў, ежы.

Крыніца дадала, што ўжо зараз арганізатары пачалі весці перамовы аб выступах беларускіх выканаўцаў на наступным Marafest Sopot Festival.

Нагадаем, што ўпершыню Marafest адбыўся ў 2022 годзе — ён пазіцыянаваўся як фестываль свабодных беларусаў, якія падтрымліваюць народ Украіны. На падзею, арганізатарам якой выступала Асацыяцыя беларусаў Памор’я, былі запрошаны Купалаўцы, Тодар Вайцюшкевіч, NaviBand, Nizkiz; частка сродкаў ад продажу квіткоў была перададзена Кіеўскаму міжнароднаму фонду медыцынскіх інавацый. На наступны год — лайн-ап складаўся з выступленняў беларускіх, украінскіх і польскіх артыстаў — Sarsa, Brodka, Івана Дорна, Navi Band. Фестываль падтрымаў фонд Artformation22, мэрыя Сопата. Сёлета фэст зрабіў стаўку на міжнародных зорак, але збольшага была заўважная прысутнасць польскіх артыстаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!