19 красавіка з 19.00 да 23.00 у бібліятэках Беларусі пройдзе «Бібліяноч-2024», культурна-асветніцкая акцыя ў падтрымку чытання. Удзел у ёй прыме 15 бібліятэк з 10 гарадоў, якія прапануюць больш за сотню адметных падзей — тэматычных пляцовак на любы густ і ўзрост: лекцыі, майстар-класы, экскурсіі, творчыя сустрэчы, гульні для дзяцей і дарослых і іншыя пазнавальныя забавы.
Бібліятэчныя імпрэзы праводзяцца ў гонар Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права.
Разнастайная праграма чакаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі – актыўныя квесты, шахматна-шашачныя турніры, настолкі ад «HobbyGame», «этнавечарына» з фолк-гуртом «Guda» і капэлай традыцыйнай музыкі «Анягож», паказ мадэляў адзення сучасных беларускіх дызайнераў ад мадэльнага агенцтва «Wow Kids», лекцыі адваката, астрапсіхолага, астролага, стыліста, майстар-класы па тэхніцы кітайскага жывапісу і графіцы, бачаце і сальсе і многае іншае. Для маленькіх гасцей разгорнецца «Касмічны фантазіум» – тэатр, займальныя майстар-класы, гульнявая праграма.
Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка прапануе праграму пад назвай «БібліяМедыкі», тут можна будзе схадзіць у госці да знахаркі і паспрабаваць гаючую гарбату па старадаўніх рэцэптах, навучацца рабіць дзіўныя прычоскі і ствараць унікальныя сувеніры, спасцігнуць тэхніку японскага пераплёту і загадкавае мастацтва арт-тэрапіі.
Таксама чакаюцца лекцыі акушэра-гінеколага Алены Джамале і ўрача-педыятра Вольгі Кардаш, аўтарскі вечар беларускага пісьменніка і паэта, таленавітага ўрача Наталлі Ваўчок, займальны квест у Музеі гісторыі медыцыны Беларусі і іншые.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі запрашае ў лабараторыю «#ПРОнауку». З дапамогай экспертаў (вучоных) тут можна будзе даведацца пра тое, як па некалькіх костках можна аднавіць памеры, аблічча і нават колер дыназаўраў, як вылучыць ДНК-малекулу ў хатніх умовах са звыклай садавіны. Гасцям распавядуць гісторыю ўзнікнення сыру (якая налічвае больш за 5 тыс. гадоў), пазнаёмяць з тонкасцямі аўтамабільнага дызайну, а таксама праінфармуюць аб навуковых памылках і раскажуць, што з імі рабіць. Юных знаўцаў чакаюць забаўляльныя пляцоўкі з інтэлектуальнымі гульнямі і квестамі, майстар-клас ад дзіцячага навуковага клуба «Малекула». Знойдзецца месца і творчай лабараторыі.
Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16) ператворыцца ў велізарны кінапавільён. У займальнай праграме – творчыя сустрэчы з вядомымі людзьмі, якія прадстаўляюць кінамастацтва, незвычайныя кінасеансы, жывая музыка з любімых фільмаў, кінаквест, майстар-класы, арыгінальная фотазона, сюрпрызы і прызы.
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага прапануе сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі Ірынай Токаравай, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Паўлам Гушынцом, а таксама тэатралізаваныя чытанні, разнастайныя майстар-класы і літаратурныя віктарыны, зону настолак і многае іншае. Удзельнікі змогуць абмеркаваць любімыя кнігі, падзяліцца літаратурнымі ўражаннямі, задаць пытанні аўтарам і даведацца больш аб творчым працэсе напісання кніг, праверыць эрудыцыю.
Таксама ў «Бібліяночы-2024» удзельнічаюць бібліятэкі і з іншых гарадоў.
Уся праграма тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram