Беларусы Варшавы могуць убачыць кінасенсацыю гэтага года — нашумелую стужку «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч — нароўні з публікай Турынскага кінафестывалю

Беларусы Варшавы ў лістападзе атрымалі рэдкую магчымасць убачыць на вялікім экране нашумелы поўнаметражны ігравы дебют беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч«Пад шэрым небам». Фільм, натхнёны гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, працягвае сваё шэсце па фестывалях — карціна зараз была адабраная ў праграму Турынскага кінафоруму. Аднак найбольш важнае — акурат у бліжэйшыя дні камерная драма будзе паказана ў межах двух беларускіх кінафэстаў — фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» і фестывалю беларускіх фільмаў «Бульбамуві» ў Варшаве.

Чаму Reform.news звяртае на гэта ўвагу?

Новае беларускае незалежнае кіно згодна з правіламі сусветнай індустрыі ў першую чаргу змагаецца за прэм’еры на буйных кінааглядах — так ствараецца статус кіно, які ў далейшым ўплывае на рэпутацыю яго аўтара. Толькі пасля фестывальных паказаў карціны трапляюць у пракат і інтэрнэт. Прэм’ера стужкі «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч адбылася ў чэрвені гэтага года на нью-ёркскім кінафестывалі «Трайбека», заснаваным Робертам де Ніра. Зараз фестывальная гісторыя карціны працягваецца, і тое, што двум беларускім фэстам удалося займець фільм у свае праграмы — вялікая ўдача для беларускага гледача.

Ужо заўтра — 9 лістапада — карціну, якая распавядае пра надзею ў часы палітычнага тэрору, што ёсць супрацівам у цяжкія часы — можна будзе ўбачыць у межах фестывалю «Паўночнае ззянне» ў кінатэатры Kinoteka.

23 лістапада фестываль «Бульбамуві» пакажа «Пад шэрым небам» у варшаўскай Sala Stolica.

«Пад шэрым небам» можна лічыць своеасаблівай кінасенсацыяй гэтага года. Стужка, якая здымалася цягам 15 дзён на сродкі Польскага кінаінстытута, змяшчае ў цэнтр увагі гісторыю беларускіх журналістаў. Шэрая беспаветраная прастора, махавік рэпрэсій 2020-2023 гадоў, «цяжар» гора на плячах і — годнасць і каханне, якія жывуць, нягледзячы ні на што. У карціне, якая ўтрымлівае пэўную долю выдумкі, няма экплуатацыі і абагульненняў — гэта выключна камерная гісторыя двух людзей, якім «пашчасціла» жыць у часы палітычнага тэрору рэжыма Лукашэнкі. Гэта стужка пра Беларусь, пра выбар і тую цану, якую беларусы плоцяць за свабоду. На мяжы магчымасцей.

Рэжысёрцы дапамагаў з кансультацыямі падчас творчага працэсу журналіст Ігар Ільяш — цяпер Ілья таксама, як і ягоная жонка Кацярына Андрэева, знаходзіцца ў няволі.

«Я чакаю той прэм’еры стужкі, на якую магла бы прыйсці Кацярына Андрэева», — падчас паказу на Гдыньскім кінафестывалі ігравых фільмаў Мара Тамковіч казала такія словы. Цяпер можам дадаць, што каб прыйшлі і Кацярына, і Ігар Ільяш.

Дазнацца больш пра нашумелую карціну можна тут.

Набыць квіткі на сеансы можна тут і тут.

Падрабязней пазнаёміцца з праграмай «Паўночнага ззяння» і «Бульбамуві» можна тут і тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!