Новы фільм беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна будзе называцца «Спадчына» (Legacy). Здымкі ігравога кіно пра спадчыну аўтакратыі, якая дасталася новаму пакаленню беларусаў, распачнуцца ўвосень 2025-га ці ўвесну 2026 года ў залежнасці ад фінансавання праекта. Аўтар «Смеласці» працуе над сваёй дэбютнай поўнаметражнай карцінай ужо з 2020 года. І на дадзены момант будучая сацыяльная драма знайшла значную падтрымку ад еўрапейскіх кінафондаў — у яе развіццё было ўкладзена 120 тысяч еўра.
Як паведаміў Аляксей Палуян Reform.news, зараз ён працуе над шостай версіяй сцэнара будучай стужкі. Па сюжэце галоўны герой гісторыі — 30-гадовы Павел — прымае ўдзел у пратэстах 2020 года. Але высвятляецца, што ягоны бацька, які працуе ў сістэме, у свой час прайграў сваю бітву з аўтарытарызмам у 1990-я. «Ці будзеце вы змагацца з несправядлівасцю, у якой удзельнічае ваша сям’я, нават калі гэта можа прывесці да страты сям’і?» — галоўнае пытанне, якое задае кіно.
Здымкі будучай стужкі запланаваны ў Варшаве, у вёсках Падляшша і, магчыма, Вільні.
Акторы на ролі пакуль не абраны. Але вядома, што аператарам праекта будзе знаны польскі майстар і дакументаліст, прафесар Кінашколы Лодзі Войцэх Старань, які ў 2011 годзе атрымаў за аператарскую працу ў фільме «El Premio» «Сярэбранага Мядзведзя за выдатныя мастацкія дасягненні» на Берлінале.
Праект аўтара «Возера радасці» на дадзены момант прадзюсуюць дзве вядомыя еўрапейскія кінакампаніі. Нямецкая Tamtam Film, у прыватнасці, была супрадзюсерам карціны іспанскага рэжысёра Альберта Сера Pacification, якая ўдзельнічала ў Канах-2022. Другі супрадзюсар будучай стужкі — польская кінакампанія Lava Film, вядомая, у тым ліку, праз фільм «Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Хорна — летась гэта кіно стала канкурсантам у Канах ды зараз трапіла ў шортліст «Оскара-2025».
Агульны бюджэт «Спадчыны» плануецца ў 1,5 мільёны еўра, што па еўрапейскіх мерках звычайны бюджэт для міжнароднай прадукцыі, але для беларускага кіно — гэта прэцэндэнт. Ужо летась праект атрымаў на свае развіццё грант у памеры 120 тысяч еўра ад фонда Media Creative Europe; таксама яго падтрымалі нямецкія кінафонды Hessen Film und Medien і MOIN.
Таксама ў мінулым годзе «Спадчына» была адабраная на прэстыжную праграму развіцця праектаў TorinoLab сярод дзесяці праектаў з усяго свету. У лістападзе 2024 года на пітчынгу яна атрымала адну з узнагарод.
«Хоць летась і быў аб’яўлены акторскі кастынг на фільм, але я пакуль не магу сказаць дакладны час пачатку здымак. Магчыма, гэта будзе восень 2025 года, а магчыма вясна 2026-га, — распавёў Аляксей Палуян. — На дадзены момант я працую над удасканаленнем сцэнара — бо гэта аснова, з якой можна рухацца далей і быць упэўненым у тым, што фільм атрымаецца. Але я вельмі натхнёны падтрымкай «Спадчыны», якую мы займелі. Пошук фінанасавання на праект — гэта вельмі складаны і цяжкі працэс, які вядуць прадзюсеры, ён можа зацягвацца на шмат гадоў і каштаваць шмат высілкаў. Аднак, на маю думку, кіно не павінна здымацца за смешныя грошы, бо гэта немагчыма ў еўрапейскай кінаіндустрыі. Калі ты ўваходзіш як прафесіянал у еўрапейскую індустрыю, трэба гуляць па правілах».
Зараз прадзюсары падаюць кінапраект на далейшае фінансаванне вытворчасці.
А Аляксей Палуян заклікае беларускіх актораў і акторкаў падавацца на кастынг будучага фільма.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram