Беларускі куратар Дзмітрый Салодкі плануе запусціць на YouTube асобны канал пра мастацтва

У планах беларускага куратара і мастацтвазнаўцы Дзмітрыя Салодкага, які сёння жыве ў Польшчы, развіццё адмысловага кантэнту пра мастацтва і культуру. Дзмітрый стаў дадаваць у свае акаўнты ў сацсетках кароткія відэаролікі, якія распавядаюць пра культуралагічныя цікавосткі, уплыў мастацтва на паўсядзённае жыццё беларусаў і еўрапейцаў.

У сваіх кароткіх відэа Дзмітрый Салодкі распавядае пра коды і знакі, выяўленыя ў творах мастацтва, даследуе іх гісторыю ды праводзіць дэканструкцыю феноменаў, звыклых рэчаў, назваў.

Так, напрыклад, у роліку «Ікона і гаргона» мастацтвазнаўца прасочвае сувязь паміж старажытагрэчаскай культурай і сярэднявечнай: як міфы антычнасці без перашкодаў працягвалі жыць у іншай культурнай прасторы — прасторы хрысціянства, ды дайшлі да сучаснасці.

У іншым сюжэце «Цюльпан і цюрбан» куратар, па сутнасці, раскрывае гісторыю адной памылкі — у выніку якой цюльпаны сёння распаўсюджаны ў Еўропы пад такой назвай.

То-бок у выпадку відэа Дзмітрыя Салодкага, можна казаць пра адукацыйныя кліпы, у якіх з дапамогай візуальнай мовы культура і мастацтва падаюцца як цалкам жывая прастора, якая атачае і ўплывае на сучаснага чалавека, варта толькі звярнуць на гэта ўвагу.

Куратар пацвердзіў Reform.by, што ў яго планах развіццё свайго канала на YouTube з адпаведным зместам.

Дадамо, што 25 чэрвеня ў Варшаве адбудзецца лекцыя «Жаночы Род» Дзмітрыя Салодкага, якая паўстала на аснове аднайменнага выставачнага праекта куратара ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Нагадаем, што ў даробку даследчыка такія куратарскія праекты як «Чырвоны — код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада», «Чаму ты мяне пакінуў?», «Жаночы род». З 2023 года экс-навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея, мастацтвазнаўца, экскурсавод і куратар жыве ў Польшчы.

Сачыць за ініцыятывамі Дзмітрыя Салодкага можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.