Раней фестываль аналагавай фатаграфіі завітваў і ў Беларусь, сення ж форум пад нязменным кіраўніцтвам беларускага куратара і аднаго з заснавальнікаў фэсту Андрэя Антонава здзейсніць сваю 6-ю эдыцыю традыцыйна ў Вільні.
Vilnius Analogue Photography and Film Festival — гэта падзея, прысвечаная распаўсюджанню традыцыйных фатаграфічных тэхналогій і іх прымяненню ў кантэксце сучаснага мастацтва.
У праграме форуму — дакументальныя і мастацкія гісторыі са слайдамі, перформансы з кіно і музыкай, эксперыменты ў аналагавай анімацыі і дыскусіі з творцамі пра лёгкі ці не вельмі шлях святла — ад ідэі да тэхнічных рашэнняў.
Сёлетняя тэма фестывалю — «Шлях святла/Lengvas kelias». І асэнсоўваць яе будуць мастакі з васьмі краін.
Так, ужо заяўлены ў фэсце: аўдыявізуальны перформанс kinoMANUAL (PL) «StillFrame Cinema», слайды Паўлу Паса (PT) «The OSMOSE», кароткаметражны слайд-фільм Андрэя Антонава «Hidden Garden» і слайды з серыя «Мясціны, якія нельга наведваць» Тэадораса Малінаўскаса…
У прыватнасці, Андрэй Антонаў так распавёў пра сваю серыю «Схаваны сад» («Hidden Garden»):
«Я пачаў серыю ў 2020 годзе, калі пачаліся жорсткія каранцінныя абмежаванні. Як фатограф я засяроджваюся на гарадскім пейзажы, і я не мог працягваць сваю звычайную працу, калі мяне зачынілі ў кватэры, таму (спачатку без асаблівага энтузіязму) я пачаў назіраць і дакументаваць хобі людзей дома больш уважліва, бо назіранне — мой лад жыцця. Не маючы магчымасці адысці ад сваіх аб’ектаў, я пачаў выкарыстоўваць інструменты і метады макраздымкі, каб стварыць ілюзію адпаведнай адлегласці».
Мерапрыемствы фестывалю раскрыюць шырокія магчымасці чалавека смела эксперыментаваць, паслядоўна цікавіцца гісторыяй або дзяліцца інтымным праз творчасць, адзначаецца ў анатацыі Vilnius Analogue Photography and Film Festival.
Адбудзецца падзея ў культурным комплексе SODAS2123 і культурным цэнтры Кірціміу.
Падрабязней пра фэст тут.