Беларускі харэограф Валянцін Елізар’еў пакінуў пасаду мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Беларусі

Народны артыст СССР і Беларусі балетмайстар Валянцін Елізар’еў развітаўся з Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі, галоўным балетмайстрам якога стаў у 1973 годзе.

«З гэтым тэатрам звязаны мае самыя вялікія творчыя ўзлёты і перамогі. Я ўдзячны лёсу, што мне выпала такое шчасце стаяць разам з вамі ля вытокаў адраджэння Вялікага тэатра», — напісаў Валянцін Елізар’еў на сваёй старонцы ў сацсетках.

Ён выказаў падзяку і любоў да артыстаў балета, оперы і хору, музыкантаў, дырыжораў, рэжысёраў, рэпетытараў, памочнікаў рэжысёра, работнікаў сцэны, касцюмераў, грымёраў, бутафораў, дэкаратараў, мастакоў, адміністратараў, білецёраў, тэхнічных работнікаў, гаспадарчых службаў — усім, хто штодня працаваў разам з ім.

«Асаблівая любоў і ўдзячнасць маім гледачам! — напісаў харэограф. — Я не развітваюся з вамі і назаўжды застаюся з родным мне Вялікім тэатрам. Пакуль мае спектаклі жывуць на гэтай сцэне, маё сэрца і мая душа заўсёды будзе на лепшай для мяне сцэне — на сцэне нашага тэатра!»

Таксама Елізар’е падзякаваў кіраўніку краіны за шчасце многія гады тварыць на сцэне і магчымасць рэалізавацца тут як мастаку.

Валянцін Елізар’еў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Баку. Галоўным балетмайстрам Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета ён стаў у 1973-м, з 1992 года быў мастацкім кіраўніком, а пазней і дырэктарам балетнай трупы.

У 1996 годзе Елізар’еў атрымаў званне «Найлепшы харэограф года» і прэмію Benois de la Danse ад Міжнароднай асацыяцыі танца — за харэаграфію балета «Страсці (Рагнеда)». Дзякуючы працы выдатнага харэографа беларускі балет атрымаў вядомасць у свеце, яго пастаноўкі, такія як «Кармэн-сюіта», «Спартак», «Шчаўкунок», «Стварэнне свету», «Рамэа і Джульета», карысталіся вялікай папулярнасцю.

У 2009 годзе Елізар’еву прапанавалі стаць галоўным балетмайстрам, ад гэтай прапановы ён адмовіўся. Вярнуўся ў тэатр у 2018 годзе на пасаду мастацкага кіраўніка. Пасля падзей 2020 года з тэатра былі звольненыя дзясяткі супрацоўнікаў, у тым ліку некалькі дырыжораў. Апошнім часам з-за адсутнасці гастроляў трупа тэатра зменшылася. Аднак, па ўсёй верагоднасці, з сыходам Елізар’ева становішча ў тэатры не палепшае.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.