Беларускі гурт барабаншчыкаў Drum Ecstasy абяцае працяг свайго культавага альбома Drums Only

Сёння споўнілася 20 гадоў культаваму альбому найвядомейшых беларускіх барабаншчыкаў Drum Ecstasy — Drums Only (2004). Выдадзеная спачатку ў Расіі, а праз год у Беларусі на CD, плытка замацавала за музыкантамі Drum Ecstasy славу гурта, які можа праз гучанне адно ўдарных перадаць амаль усё: ад куражу, лютасці — да кахання. Зараз музыканты нойз-калектыву запісалі ў пэўным сэнсе працяг культавага альбома пад назвай Drums Only-2.

Drums Only 1.0 стаў не толькі гукавым прарывам у тыя часы, але і вялікім камерцыйным поспехам Drum Ecstasy. Як расказваў лідар калектыва Філіп Чмыр, музыку з альбома пасля выхаду альбома «разабралі» ў тэатры і цырку, яна гучала ў кіно і рэкламе. Даходзіла да смешных момантаў, калі музыканты планавалі свой выступ на адным мерапрыемстве, і пачулі трэкі са свайго альбома акурат за пятнаццаць хвілін да выхаду — артысты з вогненнага тэатра выкарыстоўвалі музыку з плыткі беларусаў. У выніку Drum Ecstasy прыйшлося па ходзе мяняць плэй-ліст.

«Кожны з нас выбраў па трэку з гэтага альбома для ўласнага пахавання», — кажа пра знакавасць Drums Only 1.0 Філіп Чмыр.

Вокладка альбома.

Зараз стала вядома, што музыканты ў Бельгіі запісалі ўмоўны працяг культавага CD, які мае назву Drums Only-2. Матэрыял знаходзіцца на этапе звядзення. У новым альбоме будуць цалкам новыя кампазіцыі і вялікі твор для ўдарных, створаны для сучаснага балета. Працягласць «балетнай» кампазіцыі — 27 хвілін.

Тэрміны выхаду новай плыткі пакуль не акрэслены.

Нагадаем, што нядаўна Drum Ecstasy выступілі з канцэртамі ў Бельгіі, Галандыі, а некалькі дзён таму завіталі ў Варшаву і Кракаў. Музыканты не выключаюць, што ў будучым зладзяць паўнавартасны тур па Польшчы.

Drum Ecstasy — легендарны барабанны гурт, заснаваны ў 1992 годзе ў Мінску. Рок і нойз-бэнд грае цяжкую музыку з выкарыстаннем бас-гітары і трох ударных установак, акрамя таго выкарыстоўвае гукі электрапілаў і электрадрыляў. Музыкі іграюць на розных пляцоўках — ад берлінскага клуба Tacheles да клуба Effenaar у Эйндховене, выступалі на разагрэве ў Мэрліна Мэнсана і Роберта Планта, штогод праводзілі «нелегальны канцэрт пад мастом з вогнішчамі і піратэхнікай». У дыскаграфіі гурта — восемь альбомаў. Музычны крытык Надзея Кудрэйка ў 2012 годзе пра гурт, у прыватнасці, пісала так: «Я адчула энергетычны ўдар, які прымусіў сэрца біцца больш моцна, а кроў па жылах бегчы хутчэй. Прычым гэта дасягнута не прымітыўным нагрувашчаннем тэмпу і гуку, а музыкай. Склалася сапраўдная драматургічная музыка, дзякуючы якой уся праграма слухаецца без напругі і стомы. І па заканчэнні праграмы было адчуванне, што я пабывала на якасным жывым рок-канцэрце».

Слухаць Drums Only 1.0 можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!